Міністр адукацыі прапанаваў адмовіцца ад ЦТ. А заробак настаўнікам застанецца меншым за сярэдні
Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня прыняў з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку і агучыў сваё бачанне праблемаў адукацыі. Сярод іншага ён сказаў, што чуў пра крытыку цэнтралізаванага тэставання (ЦТ), і загадаў да канца году правесці вялікую педагагічную нараду, паведамляе Радыё Свабода.
Паводле Лукашэнкі, яго інфармуюць пра крытыку ЦТ, пра тое, што «ў нас не ўсё ў парадку з паступленнем у ВНУ», і ён «пачынае задумвацца» пра ўдасканаленне сістэмы паступлення. Яго турбуе, што абітурыент «не здае экзамены вочы ў вочы з экзаменатарам, з выкладчыкам ВНУ або іншых навучальных установаў».
Міністр Карпенка пасля сустрэчы з Лукашэнкам расказаў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1», якія прапановы мае ён сам.
Замест ЦТ і выпускных іспытаў – «агульнанацыянальны экзамен»?
На анансаванай Лукашэнкам нарадзе могуць абмеркаваць спалучэнне выпускных іспытаў у школе і цэнтралізаванага тэставання для наступнай ступені адукацыі. Карпенка толькі агучыў назву для такога спалучэння – «агульнанацыянальны экзамен» – і расказаў, чаму лічыць ідэю вартай.
«Мы ў школе, дапусцім, пішам пераказ, – разважаў міністр. – А пры паступленні ў ВНУ здаем тэст. Па матэматыцы пішам кантрольную работу, а пры паступленні – тэст. Гэта розныя паводле формы іспыты. І, вядома, гэта стварае пэўныя праблемы».
Настаўнікі, казаў ён, цяпер «разрываюцца» між падрыхтоўкай да ЦТ і выпускных экзаменаў. І іх, і школьнікаў можна «разгрузіць». Міністр таксама дапусціў, што пры паступленні ў ВНУ на спецыяльнасці, дзе патрэбная замежная мова, можа быць уведзены, напрыклад, іспыт для ацэнкі вымаўлення. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «змены ў кожным разе не будуць укараняцца раптоўна».
Замест школьных дошак – мультыборды «Гарызонт»?
Да канца 2020 года ў беларускіх школах мае з'явіцца каля 2000 інтэрактыўных навучальных панэляў – «мультыбордаў». Але пагадненні яшчэ не падпісаныя.
Паводле міністра, сёлета «сур’ёзна пачнуць» закупкі такіх панэляў, якія мае вырабіць беларускі завод «Гарызонт» (ці быў тэндэр, невядома), таксама міністэрства «выходзіць на сур’ёзны кантракт» з IT-кампаніямі «Парку высокіх тэхналогіяў».
Рыштунак для інтэрактыўных дошак, падобна, яшчэ не пачыналі распрацоўваць. Міністар агучыў толькі сваё бачанне таго, якім яно можа быць: напрыклад, можа быць інтэрактыўная мапа хады Грунвальдскай бітвы.
«Усенавуч» усё ж могуць калі-небудзь скасаваць
«Усенавуч» паходзіць з савецкага часу. Гэта штогадовы пакватэрны абыход настаўнікамі раёнаў каля школаў для ўліку дзяцей, якім належыць даць сярэднюю адукацыю. Пастанова Саўміну ўскладае гэты ўлік на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, упраўленні адукацыі – але хадзіць звычайна прымушаюць настаўнікаў.
«Не скасуем мы ўсенавуч, бо мы ўсё роўна павінны ведаць, колькі дзяцей прыйдзе да нас у школу, – каб планаваць і фінансаванне, колькі класаў трэба рыхтаваць, – сказаў міністр. – Гэта своеасаблівы аналіз. Калі мы пяройдзем на адзіны рэгістр насельніцтва – тады, можа быць, будзе магчыма гэта зрабіць».
Як адзначыў міністр, шлюць хадзіць па кватэрах менавіта настаўнікаў, бо «настаўнік мусіць ведаць, у якіх умовах ягоныя выхаванцы знаходзяцца дома».
Пра тое, што згаданы Карпенкам адзіны рэгістр можа запрацаваць ужо неўзабаве, чыноўнікі казалі яшчэ ў 2010 годзе, затым у 2012-м, а ствараўся ён быццам з 2005 года. Але пасля 2013 года, калі сістэму нібыта запусцілі ў тэставым рэжыме, навінаў пра яе не было.
Заробкі настаўнікам не падымуць так, як абяцаў Лукашэнка, прынамсі да 2025 году
На сустрэчы з Карпенкам Лукашэнка казаў: «Не забывайце, мы дамовіліся, што настаўнік мусіць атрымліваць прынамсі сярэдні заробак».
Пасля сустрэчы Карпенка сказаў, што ідзе рух «ў гэтым кірунку (...) і да 2025 году мусім выйсці на поўную рэалізацыю гэтай стратэгіі». А пакуль настаўнікі маюць каля 85% ад сярэдняга заробку ў краіне, заявіў ён. Цяпер за 7 сёлетніх месяцаў сярэдні заробак (да адымання падаткаў і збораў) складае ў настаўнікаў 901 рубель.
І яшчэ
- «Калі будуць заўвагі з месцаў, што кагосьці прымушаюць нейкія непатрэбныя дакументы пісаць – мы з гэтым разбярэмся», – казаў міністр. Але перагляду «папяровай працы» настаўнікаў не анансаваў: будзе толькі выразны пералік дакументаў, якія рыхтуюць педагогі. Ад «планаў-урокаў», таксама казаў Карпенка, «мы нікуды не сыдзем».
- Цяперашнюю 10-бальную сістэму адзнакаў могуць перапрацаваць «пры неабходнасці», але каб ведаць, ці ёсць неабходнасць, «патрэбная канкрэтыка з месцаў».
- З навучаннем у суботу «не мусіць быць недарэчнага і нікому не патрэбнага прымусу».