Мультфільм 9-гадовага хлопца пра беларускі арнамент стаў хітом на Facebook

Беларуская рэжысёрка Марына Карпава апублікавала на Facebook 2-хвілінны мультфільм «Культурная спадчына Беларусі», які яе сын зрабіў для школьнага конкурсу. Там ён не прайшоў нават першы этап, але хутка разляцеўся па сацсетцы, паведамляе Радыё Свабода.

arnament.jpg

Цяпер — праз няпоўныя два дні пасьля публікацыі відэа — мультфільм мае тры тысячы праглядаў, дзве сотні ўпадабанняў і шэсць дзясяткаў перапостаў. На дзве хвіліны роліка пайшлі два тыдні працы па вечарах. Большую частку рабіў 9-гадовы Міша, якога анімацыі навучала маці — Марына Карпава, рэжысёрка анімацыйнага кіно, мастачка-пастаноўшчыца, аніматарка і сцэнарыстка расійскіх студыяў «Пилот» і «Союзмультфильм».

Як расказала Марына Карпава, малодшы сын Міша вучыцца ў 3-м класе звычайнай мінскай школы і не хоча прысвячаць сваё жыццё анімацыі — марыць быць архітэктарам, займаецца футболам і тхэквандо. Яна мяркуе, што яе дзеці бачаць, як маці «ад ранку да вечара» працуе над мультфільмамі, наколькі гэта марудная справа, як прафесія «паглынае», таму пра стварэнне сваіх не задумваліся.
Але ў школе, дзе вучыцца Міша, абвясцілі творчы конкурс — настаўніца прапанавала зрабіць анімацыйнае відэа. Важнай умовай конкурсу было тое, каб дзеці самі выконвалі заданне, таму маці толькі падказвала, як што рабіць і брала на сябе хіба «чорную» працу — нават фатаграфавала працэс, каб даказаць, што відэа сапраўды зрабіў сын.
Сын сам выбраў тэму, склаў тэкст і запісаў яго на тэлефон, выбраў элементы арнаменту і намаляваў іх на паперы, сфатаграфаваў. Маці паказала яму, як апрацаваць фота ў Adobe Photoshop і анімаваць у Sony Vegas (іншую праграму для відэа, Adobe After Effects, яна лічыць больш складанай для засваення), адшукаць музыку і змантаваць канчатковы варыянт. Карпава паказвала сыну прафесійныя праграмы, бо прасцейшыя «дзіцячыя», кажа яна, добрыя для стварэння чагосці «выпадковага», але рэалізаваць канкрэтную задуму ў іх цяжка.
Элементы арнамента Марына Карпава з сынам разглядалі ў тэматычным раздзеле на сайце этнаэлектроннага гурту Šuma, ды наракае, што ў інтэрнэце цяжка знайсці дастаткова інфармацыі пра беларускі арнамент.
«Калі я заглыбілася ў тэму, высветлілася, што нейкіх сістэматызаваных ведаў пра сімволіку ў шырокім доступе няма, ёсць толькі нейкія ўрыўкі курсавых, дысертацый, нарысы журналістаў, — наракае Карпава. — А сістэмнай і даступнай інфармацыі бракуе, хоць цяпер гэтая тэма вельмі папулярная. У розных выданнях адзін і той жа знак можа па-рознаму трактавацца».
У лік выбраных Мішам элемэнтаў арнамэнта трапіла свастыка (або калаўрот) — маці давялося тлумачыць сыну, што гэты знак старажытны, вядомы шмат тысяч гадоў, ужываўся ў тым ліку ў беларускім арнаменце, але і выкарыстоўваўся нацыстамі. Знак, кажа яна, быў чысты, але «запэцканы» злымі людзьмі, ды ў беларускім арнаменце ён выкарыстоўваўся ў іншых колерах і формах, чым у нацысцкай сімволіцы.