Не толькі Скарына

Дзень беларускага кнігадруку адзначаецца 6 жніўня. У дзень, калі Францыск Скарына ў 1517 годзе выдрукаваў у Празе сваю першую кнігу. Але беларускі кнігадрук — гэта не толькі Скарына. А хто ж яшчэ? Глядзіце…

knihadruk.jpg


Дарэчы, у 2017-м мы адзначым 500 годдзе беларускага кнігадруку. Тролі кажуць: рыхтуецеся дарма. Ну і што, што беларусы ўжо палову тысячагоддзя друкуюць кнігі? Свет у 2017 годзе будзе абмяркоўваць выключна стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Чырвоны чалавек усё адно пераможа. А мы адказваем: пераходзь  на чорна-белы бок! Зрабі 6 жніўня сваім асабістым святам адукаванага чалавека!

Менавіта ў гэты дзень у 1517 годзе ў Празе палачанін Францішак Скарына надрукаваў першую кнігу на старабеларускай мове. Так што дату таксама можна лічыць рэвалюцыйнай. Яна сталася пачаткам вялікай эпохі, калі дзясяткі адмыслоўцаў: пісьменнікаў, перакладчыкаў, рэдактараў, друкароў, гравёраў — спрычыняліся да таго, што потым назавуць залатым векам беларускай культуры. Як гэта было, пастараемся згадаць у нашым перадюбілейным аглядзе.

 

Францыск Скарына (каля 1490—1552)

skaryna_3.jpg


Пра тое, што Францішак Скарына — беларускі першадрукар, сёння ведае кожны школьнік. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што ў 1990-я на зломе эпох, новай Беларусі былі патрэбныя новыя героі, і Скарына, нанова адкрыты беларускімі гуманітарыямі, вельмі пасаваў на гэтую ролю. Яго эмблематычныя Сонца і Месяц сталіся сярпом і молатам беларускага Адраджэння. Некаторыя найменні галоўнага праспекту Мінску: Сталіна — Леніна — Скарыны. Вельмі паказальная парадыгма.

У лукашэнкаўскія часы гэты сімвал не толькі не пахіснуўся, але забранзавеў, зацэментаваўся. Пра Францыска Скарыну сёння назубок вучаць усе замежныя студэнты, якія прыехалі ў Беларусь вывучаць — ха-ха — рускую мову. Такі вось “Ландан із зы кэпітал оф Грэйт-Брытан”.

На гэтай базавай ведзе ўсё зазвычай заканчваецца. Чаму Скарына вялікі і што менавіта ён надрукаваў у Празе 6 жніўня 1517 года (правільны адказ: “Псалтыр”) спынены на вуліцы выпадковы мінак вам ужо наўрад ці адкажа. Гэта і ёсць слава.

Цяпер, калі мінула без малага 500 гадоў, цікава зірнуць на дзейнасць Францішка Скарыны вачыма беларуса ХХІ стагоддзя. Каб пераканацца: за апошнія пяць стагоддзяў сацыяльна актыўныя беларусы мала змяніліся.

Што сёння вядома пра Скарыну? Палачанін з заможнай купецкай сям’і, які так добра вывучыўся на доктара медыцыны (найхутчэй у Кракаве, хоць і гэта цяпер пад сумневам), што абараняць дыплом давялося ехаць ажно ў італьянскую Падую.

Калі гісторыкі не памыляюцца з датамі, друкарскую справу распачаў, не маючы і 30 гадоў. Носячы выразна каталіцкае імя, свядома друкаваў кнігі на старабеларускім варыянце царкоўнаславянскай мовы, то бок, не падладжваўся пад існыя парадыгмы, а ствараў уласную. Выкарыстоўваў Біблію для пашырэння сярод “паспалітых людзей” свецкіх ведаў (напрыклад, друкаваў календары сонечных і месяцовых зацменняў, прадказанне якіх царква лічыла немагчымым). Першы і ці не адзіны ва Ўсходняй Еўропе не толькі падпісваў свае працы, але і змяшчаў і кнігах аўтапартрэт, чаго не мог сабе дазволіць рэлігійны дзеяч.

Зрабіў друкаваную кнігу пад’ёмнай для тагачаснага “сярэдняга класу” — купцоў, медыкаў настаўнікаў — прычым не толькі па грашах, але і літаральна: скарынаўскія выданні ў параўнанні з фаліянтамі таго часу выглядалі сапраўднымі покетбукамі. Чаго толькі варты ажыццёўлены ў Вільні ў 1522 годзе праект “Малой падарожнай кніжкі” ў 1 /12 аркуша, з самымі ўжытковымі рэлігійнымі тэкстамі, які можна было браць у вандроўку.

Свядомавыкарыстоўваў чорна-белы друк, каб зрабіць сабекошт кніг меншым (і толькі “падарункавае” выданне “Песні песняў” мела ў сабе яшчэ і чырвоную фарбу). Распрацаваў уласны друкаваны шрыфт, пазнавальны і сёння.

Быў патрыётам, і, хоць большую частку жыцця правёў на чужыне, у думках заўсёды быў у Вялікім Княстве, пра  што сведчыць пранікнёная прадмова да кнігі “Юдзіф”. Як і большасць літаратараў усіх часоў і народаў, не зарабляў творчасцю, сябруючы з мецэнатамі (віленчукі Якуб Бабіч, Багдан Онькаў, а таксама вялікі князь Канстанцін Астрожскі).

Сядзеў у турме ў Познані па фальшывым абвінавачанні. Спрабаваў зрабіць кар’еру ў Маскве, але быў з ганьбай выгнаны адтуль як “лацінянін”. Шмат вандраваў па Заходняй Еўропе, асабліва ў маладосці, што лішняга разу пацвярджае найноўшая архіўная знаходка Алега Жлуткі, паводле якой  беларускі першадрукар некалькі гадоў працаваў сакратаром пры дыпмісіі дацкага караля Ханса.

Адным словам, быў чалавекам-аркестрам, што толькі падкрэслівалі звесткі пра яго садоўніцтва ў канцы жыцця для чэшскага караля Карла IV.

Зрэшты, паводле архіўных знаходак садоўнікам быў іншы — італьянскі Францішак, а Скарына ў Празе працаваў па спецыяльнасці —  лекарам.

Чым далей, тым больш відавочна: ранейшая агульнавядомая біяграфія Скарыны няпоўная і міфалагізаваная. Яе варта напісаць наноў, і, хочацца спадзявацца, менавіта гэтым зоймуцца беларускія чыноўнікі і навукоўцы ў 2017 годзе замест таго, каб умацоўваць свежым цэментам старыя міфы.

 

Сымон Будны (1530—1593)

budny.jpg


Гісторыя Сымона Буднага падае надзею ўсім дзеячам культуры, не прызнаным сучаснікамі. Усе жывапісныя і скульптурныя партрэты асветніка, створаныя ў ХХ стагоддзі, абапіраюцца на адзіную прыжыццёвую выяву. Ёй сталася карыкатура на Буднага езуітаў, дзе выбітны дзеяч беларускай Рэфармацыі выяўлены па шыю ў лайне.



symon_budny.png


Езуітам было ад чаго злавацца на публіцыста. Будны адмаўляў святую Тройцу і нават быў адрэдагаваў кнігі Новага запавету, выкрасліўшы падчас перакладу ўсе згадкі пра боскую сутнасць Хрыста. Потым, праўда, вярнуў як было, але “асадачак застаўся”. Нападаў ён і на іншыя асновы “традыцыйнага хрысціянства”, такія як манастырскае жыццё ці пустэльніцтва. У межах Рэфармацыі таксама меў багата крытыкаў сваіх канцэпцый, у выніку чаго ў 1583 годзе быў адлучаны ў Лоску ад пратэстанцкага збору апанетамі.



Яго самая вядомая кніга — “Катэхізіс, або Навука старадаўняя хрысціянская для простых людзей” была выдадзеная ў 1562 годзе ў Нясвіжы на грошы Мікалая Радзівіла Чорнага і Астафія Валовіча супольна з кальвіністамі Мацем Кавячыньскім і Лаўрэнціем Крышкоўскім. Знакава, што дзеля паскарэння справы выдавалі “Катэхізіс” перавезенымі з Вільні шрыфтамі Францішка Скарыны.

Адметнасць “Катэхізіса” Буднага ў тым, што ён не проста напісаны па-старабеларуску, але і заклікае “мілаваці” язык продкаў.

З 1573 года Будны загадвае друкарняй арыяніна Яна Кішкі ў Лоску пад Валожынам, дзе выдаеНовы Запавет па-старабеларуску і па-польску, уласныя трактаты на лаціне. Ладная чатка кніг Лоскай друкарні, як няяжка здагадацца, згарэла ў агні Контррэфармацыі.

 

Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1565)

mikalaj_radzivil.jpg


1563 год — год першага поўнага выдання Бібліі ў перакладзе на польскую мову з мовы арыгіналаў (іўрыта і грэцкай). Гэтае выданне называюць Берасцейскай Бібліяй па месцы выдання, ці Радзівілаўскай — паводле фундатара.

Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560-м заснаваў у Берасці друкарню, якой кіраваў Цыпрыян Базылік — выдавец, паэт і кампазітар. Над перакладам Святога Пісьма ў 1559 па 1663 гады працавала каля 20 тэолагаў з усёй Еўропы. Перакладалі Біблію ў горадзе Піньчаў на поўдні Польшчы — буйным цэнтры рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай.

Берасцейская Біблія ілюстраваная дрэварытамі найлепшых тагачасных гравёраў Еўропы і ёсць выбітным помнікам кніжнай графікі XVI стагоддзя.

Да нашага часу, на жаль, дайшло няшмат фаліянтаў. Сын Мікалая Радзівіла Чорнага Мікалай Кшыштаф Радзівіл Сіротка, навернуты ў каталіцызм палымяным прапаведнікам Пятром Скаргам, выракся бацькавай веры і спаліў вялікую частку накладу Бібліі на пляцы ў Нясвіжы.

 

Васіль Цяпінскі (каля 1540 — каля 1600)

cjapinski.jpg


На друкара і асветніка Васіля Цяпінскага моцна паўплываў Францішак Скарына. Пра гэта сведчыць не толькі сімпатычны партрэт у гравюры 1578 года, які дайшоў да нашага часу, але і патрыятычныя погляды, выкладзеныя Цяпінскім у прадмове да ўласнага перакладу “Евангелля”.

Яшчэ  на яго паўплываў мецэнат Астафій Валовіч, на службе ў якога ён знаходзіўся ў маладым веку. Безумоўна, ён быў знаёмы і цягам усяго жыцця прыязніўся з Сымонам Будным, з якім меў падобныя погляды на асветніцтва простага люду.

Ад многіх іншых друкароў шляхціч і ўладальнік маёнтка пад Чашнікамі Цяпінскі адрозніваецца тым, што быў сам сабе мецэнатам. Каля 1570 года у сваёй друкарні ў Цяпіна ён выпускае ўнікальнае выданне Евангелля, якое змяшчае паралельны царкоўнаславянскі і старабеларускі тэксты.

Сваю Біблію асветнік, будучы пратэстантам, адрасуе не нейкай пэўнай канфесіі, а ўсім людзям, якія захочуць прачытаць Святое Пісьмо на гэтых дзвюх мовах. Як сапраўдны беларускі літаратар, у прадмове Цяпінскі  скардзіцца на недобразычліўцаў, якія здзекаваліся з яго жадання траціць грошы на выданне нейкіх там кніжак, а таксама брак грошай на гэткае выданне. Пераклад Цяпінскага няпоўны.

Ворагі ў асветніка сапраўды былі. Ёсць звесткі, што каля 1600 года ён быў забіты ўласнымі стрыечнымі братамі праз сямейную варажнечу. Як гаворыцца, калі ў вас паранойя, гэта не значыць, што за вамі не сочаць.



Пётр Місціславец (XVI — пачатак XVII стагоддзя)



piotr_mscislavec.jpg

Вы спытаецеся, што галоўнае ў кнізе? Друкары XVI стагоддзя хорам адкажуць: “Шрыфт!” Вырабіць добрыя шрыфты было няпростай справай, і беларускія друкары нават зараблялі адліўкай шрыфтоў, пашыраючы такім чынам кнігадрукаванне ва Ўсходняй Еўропе (во як мучыліся людзі без “гумовага” інтэрнэту!). Пра шрыфт і яго важнасць мог бы шмат расказаць Пётр Мсціславец, які з 1569 па 1576 год працаваў друкаром у доме купцоў Мамонічаў у Вільні.

Пасля таго, як Мамонічы зачынілі друкарню, Мсціславец праз суд забіраў у іх шрыфты ды іншае абсталяванне, пакінуўшы ўласнікам друкарні кнігі. Мамонічы пасля гэтага пераадчынілі друкарню, здабыўшы новыя шрыфты і ўжо ў 1588 годзе друкавалі Сатут Вялікага Княства Літоўскага пад рэдакцыяй Лява Сапегі...

А шрыфты Мсціслаўца пазней усплылі ў Астрогу, дзе друкар уз’яднаўся з даўнім таварышам — Іванам Фёдаравым. У Астрогу ў 1581 годзе Фёдараў між іншага надрукаваў знакамітую Астрожскую Біблію — першы поўны царкоўнаславянскі пераклад Святога Пісьма, якім доўгія стагодзі паслугоўваліся праваслаўныя.

Фёдараў і Мсціславец пазнаёміліся ў Маскве, куды Пётр трапіў адвечным беларускім шляхам гастарбайтэра. Там яны між справай запачаткавалі расійскі кніжны друк, выдаўшы ў 1564 годзе “Апостал” і ў 1565 — “Часоўнік”,  за што, як вядома, былі зацкаваныя маскоўскім духавенствам. Пасля выгнання з Масквы ў 1566 годзе друкары разам працавалі ў Вялікім Княстве — у Заблудаўскай друкарні, фундаванай гетманам Рыгорам Хадкевічам. Лішне казаць, што ў Заблудаве яны карысталіся беражліва вывезенымі з Масквы шрыфтамі.

 

Крыштаф Мікалай Дарагастайскі (1562—1615)

darahastajski.jpg

У маладосці магнат і вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч вучыўся ў Страсбургу і шмат вандраваў па Еўропе. Найдолей ён затрымаўся ў Італіі, дзе ў Неапалі браў урокі коннай язды ў найлепшых тагачасных майстраў. Вярнуўшыся на радзіму, справай свайго жыцця палічыў выданне дасканалага падручніка коннай язды, які навучыў бы суайчыннікаў ставіцца да гадавання коняў як да высокага мастацтва. Яго адзіная і галоўная кніга “Гіпіка, або кніга пра коней” пабачыла свет у 1603 годзе.



krystap_darahastajski___krysztap_darahastajski._hippica_1.jpg


Месцам выдання значыцца Кракаў, але ёсць звесткі, што кракаўскім друкам князь быў незадаволены. Так ці іначай, у маёнтку Мураваная Ашмянка, як лічыцца, таксама была друкарня, заснаваная бацькам Дарагастайскага. Цалкам верагодна, частка накладу друкавалася там, хоць выходных дадзеных, што гэта пацвярджаюць, не захавалася.

“Гіпіка” была выдатна ілюстраваная гравёрам Мікалая Радзівіла Сіроткі Тамашам Макоўскім. Цягам насупных двух стагоддзяў кніга перавыдавалася 5 разоў па-польску. У 2007 годзе ў Мінску выйшаў пераклад кнігі на беларускую мову, здзейснены Святланай Ішчанкай.

 
Саламон Рысінскі (каля 1560—1625)

rysinski.jpg


Паэт і публіцыст Саламон Рысінскі, абсалютна забыты сёння нашчадкамі, меў выдатны шанец упісаць сябе залатымі літарамі ў гісторыю беларускай культуры. Але калі Будны ў 1562 годзе складаў свае  палымяныя прамовы ў падтрымку беларушчыны, Саламону было не больш за два гадочкі.

Сталае жыццё шляхціча, які паходзіў з Віцебшчыны, прыйшлося на паланізацыю ВКЛ. Можа, таму галоўную справу свайго жыцця — зборнік беларускіх прыказак і прымавак, якія ён калекцыянаваў напрацягу 30 гадоў, ён  выдаў  па-лацінску: Proverbiorum Polonicorum a Solomone Rysinio Collectorum, а самі прымаўкі пераклаў на дыхтоўную польскую мову.

proverbiorum_polonicorum_a_solomone_rysinio.jpg


А ён жа быў першым чалавекам, які на пісьме (няхай і гуляючыся) называў сябе па-грэцку, беларусам, (Solomo Pantherus Leucorussus), а сваю краіну — Беларуссю! Гэтыя подпісы захаваліся ў Нямеччыне, у архівах Лейпцыгскага і Альтдорфскага універсітэтаў, дзе вучыўся Рысінскі.

Зборнік прыказак пабачыў свет у 1618 годзе ў пратэстанцкай друкарні Пятра Бласта Кміты ў Любчы, фундаванай Крыштапам “Пяруном” Радзівілам. У папярэднія гады Рысінскі служыў Радзівілам у Слуцку ды іншых маёнтках на тэрыторыі Беларусі і этнаграфічны матэрыял мог мець толькі адтуль. Каля 500 з 1800 прымавак канца XVI стагоддзя, запісаных Рысінскім,  беларусы ўжываюць дагэтуль. Ну, гэта калі перакласці іх назад з польскай мовы.

У Польшчы збонік Рысінскага меў вялікую папулярнасць і цягам наступных двух стагодзяў  быў перавыданы восем разоў, значна ўзбагаціўшы польскую ідыяматыку.

Любча за часоў Рысінскага, як няцяжка здагадацца, была буйным цэнтрам пратэстанцкага кнігадруку ВКЛ. Абсталяванне для друкарні Кміта перавёз туды з Вільні.

 

Спірыдон Собаль (паміж 1580 і 1590—1645)

sobal.jpg


Сын магілёўскага бурмістра Мірона Собаля, які жыў праз стагоддзе пасля Скарыны, характарам удаўся ў свайго славутага папярэдніка. Толькі ветразі падстаўляў пад іншы вецер. Ён быў праваслаўным і вучыцца выправіўся ў Кіеў, у знакамітую Брацкую школу. Кнігадрукаваннем захапіўся яшчэ там, выдаўшы першыя кнігі ў 1628 годзе.

Але асноўную дзейнасць разгарнуў у Куцеінскім Богаяўленскім манастыры пад Оршай, дзе сярод іншага ў 1631 годзе выдаў “Букварь сиречь, начало учения детям, начинающим чтению извыкати” —   першую кірылічную кнігу, прызначаную для навучання грамаце  малых дзяцей.

Ён прыдумаў само слова “Буквар”, якое прыжылося, бо выданне атрымала шалёную папулярнасць. Сумарны наклад склаў 35 тысячаў асобнікаў. Адбывалася ўсё, нагадаю, у   XVI стагоддзі.

Сёння гэта называюць сацыяльным прадпрымальніцтвам. Собаль добра зарабіў на “Буквары” ды іншых духоўных выданнях, штампаваных у Куцейне. Вырашыўшы пашыраць справу, у 1636 годзе ён вярнушся ў Магілёў, адкуль пасля колькіх гадоў плённай працы выправіўся ў Маскву. Нашмат пазней, у 1680  годзе, Магілёўскую брацкую друкарню, дзе працаваў Собаль,  ачоліў знакаміты гравёр Максім Вашчанка.

У Маскве Собаль збіраўся адкрыць першую школу замежных моваў (грэцкай і лаціны), а таксама наладзіць друк перакладных кніг. Але, як і Скарына за сто гадоў да таго, пацярпеў фіяска.

Спачатку ўсё ішло добра — Собаль наладзіў сувязі з расійскім друкаром Фёдарам Бурцавым, якому прадаў шрыфты малога кегля. Бурцаў, як і Собаль, зарабляў на масавых выданнях, так што магілёўскаму і маскоўскаму друкарам было што абмеркаваць разам. Собаль быў значна лепш тэхнічна падкаваны і дапамог Бурцаву наладзіць друкарню. Але блізкасць нішаў і згубіла Собаля.

У 1639 годзе Собаль выехаў з кнігамі ў Маскву, але ў Вязьме яго спынілі служкі цара Міхаіла Раманава і выслалі назад у Рэч Паспалітую. Прычынай была адмоўная характарыстыка, складзеная Бурцавым на калегу. Собаля абвінавацілі ў таемнай прыхільнасці Уніі. Гэтак, удала выкарыстаўшы дзяржаўную ідэалогію,  маскоўскі дзялок знішчыў канкурэнта.

Напрыканцы жыцця Спірыдон Собаль пад іменем Сільвестра быў манахам Кіева-Пячэрскай Лаўры. Памёр ён у Валахіі падчас асветніцкай місіі. Смерць перапыніла яго планы па стварэнні ўласнай друкарні ў Львове.

 

* * *

І гэтатолькі самы пачатак кнігадруку ў Беларусі. Бо ўжо ў XVIII стагоддзі друкарняў налічвалася дзясяткі, а друкары ператварыліся з мастакоў-адзіночак у цэхавых рамеснікаў. Можна было б згадаць сетку езуіцкіх кнігарань пры калегіумах, габрэйскія друкарні ў Шклове ці Горадні ці знакамітую Гарадзенскую каралеўскую друкарню, заснаваную Антоніем Тызенгаўзам, якая паводле аднаго з інвентароў, сярод блізу 30 супрацоўнікаў, налічвала парабка і кухара…

Можна было б згадаць слуцкае пахожанне Іллі Капіевіча, заснавальніка кірылічнай друкарні ў Амстэрдаме і рэфарматара (на замову Пятра І) расійскага алфавіту… Можна было б перакінуць мосцік у наш час і паразважаць пра матэрыяльныя і сацыякультурныя ўмовы, у якіх працаваў калісьці Францішак Скарына і цяпер працуе, скажам, выдавец Зміцер Колас (калі сцісла, то ўмовы ідэнтычныя).

Пра тое, што, як і ў ранейшыя часы, выдаўцам сёння даводзіцца жабраваць каб выдаць вартую кнігу, або выдаваць сельскагаспадарчыя календары… Але праблема ў тым, што тэма беларускага кнігадруку невычарпальная і вартая хутчэй кнігі, чым артыкула. Якая, спадзяюся, ўжо недзе пішацца.

 

Як можна болей даведацца пра кнігадрукаванне ў Беларусі?

  • З’едзіць у Полацк у Музей беларускага кніадруку.
  • З’ездзіць у Магілёў у Музей гісторыі Магілёва ў ратушы, дзе захоўваецца адзіны ў Беларусі асобнік статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., выкуплены на сродкі грамадзян.
  • Наведаць аддзел рукапісных і рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У аддзеле, апроч іншых старадрукаў, даступныя ў электронным фармаце тыя 10 выданняў кніг Бібліі Францішка Скарыны, якія мае ў сваім фондзе бібліятэка. У 2017 годзе бібліятэка плануе здзейсніць лічбавае выданне ўсіх кніг беларускага першадрукара.
  • Паглядзець спектакль Паўла Харланчука “Біблія князя Радзівіла” (калі яго яшчэ будуць паўтараць на беларускіх падмостках).