Сметнік пад белымі крыламі: як людзі змяняюць лёс буслоў
Бусел на сметніку — мір на зямлі. Магчыма, у будучыні менавіта так будзе гучаць фальклор новых пакаленняў беларусаў. І дзяцей белакрылыя птушкі будуць прыносіць таксама са сметнікаў, а не з капусты. Першыя званочкі такой будучыні гучаць ужо сёння — буслы ўслед за грамадствам спажывання змяняюць уласныя паводзіны: шукаюць больш лёгкае харчаванне на сметніках ды змяняюць шляхі міграцыі. Навошта ляцець у Афрыку, калі можна выжыць на бліжэйшай звалцы?

Змены ў паводзінах белых буслоў першымі адзначылі заходнееўрапейскія арнітолагі. Большась буслоў з Іспаніі і Партугаліі ўжо з канца 1980-х перастала адлятаць на зіму ў вырай. Птушкі застаюцца на месцах гнездавання круглы год, бо тут з’явіліся новыя магчымасці харчавання — адкрытыя сметнікі вялікіх гарадоў. І летам, і зімой грамадства спажывання гатова шчодра надзяляць птушак рэшткамі сваёй ежы.

Геаграфічна пашырэнне новых паводзінаў сярод белых буслоў ідзе з захаду на ўсход. Апошнія 4-5 гадоў падобную сітуацыю можна назіраць і ў ваколіцах Гродна. Пра гэта расказваюць супрацоўнікі мясцовога палігона цвёрдых бытавых адходаў.

«Раней тут буслоў не было, - распавядае гарадзенскі арнітолаг і рэдактар сайта «Птушкі штодня» — Дзмітрый Вінчэўскі, — пакуль і далей на ўсход, каля Мінска, на звалках назіраюць толькі па некалькі птушак. На «гарадзенскім» жа сметніку сёлета налічваюць да чатырохсот буслоў адначасова».

Хутчэй за ўсё, большасць гэтых птушак — маладыя, да 3–4 гадоў. Яны яшчэ не гняздуюць і праводзяць каля сметнікаў большасць часу. Даступнасць і дастатковая колькасць ежы робіць іх перспектывы выжывання больш надзейнымі. Ды і натуральных ворагаў тут няма — усё бяспечна. З іншага боку, існуе магчымасць атручвання ці захворвання птушак, бо гарантый якасці ежы са звалкі таксама ніхто не дасць.


Найбольшыя апасенні, паводле Дзмітрыя Вінчэўскага, выклікае вялікая залежнасць птушак ад «ласкі» чалавека:
«Буслы «знайшлі» новыя крыніцы харчавання і гэта, напэўна, прывядзе да росту папуляцыі, як гэта, да прыкладу, адбылося ў Партугаліі. Там іх колькасць цягам апошніх 20 гадоў павялічыліся ў 10 разоў (да 14 тысяч птушак) і працягвае расці. Небяспека ў тым, што праз «лёгкі хлеб» птушкі могуць «развучыцца» здабываць натуральную ежу і тое, што прыроднай ежы можа на ўсіх не хапіць. Тады, пасля ліквідацыі адкрытых звалак, якую Еўрасаюз плануе правесці бліжэйшымі гадамі, птушкам ізноў прыдзецца «перавучвацца» — гэтым разам да больш складаных умоваў.»

Колькі з іх зможа нанова адаптавацца пад натуральнае асяроддзе — невядома. Верагодна, пры такім развіцці падзей трэба чакаць рэзкага скарачэння буслінай папуляцыі. Тыя, што не здолеюць «па-дзедаўску» шукаць яшчарак, жабак ды дробную рыбку — загінуць.

З адлётам буслоў у вырай перспектывы таксама не ясныя. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ўсе еўрапейскія белыя буслы былі пералётнымі птушкамі, а месцам іх міграцыі была нават Паўднёвая Афрыка. Зараз сітуацыя ўжо змянілася. Даследванні міжнарожнай каманды арнітолагаў высветлілі, што птушкі з Іспаніі, Туніса і Германіі, хаця і паляцелі на зімоўку, спыніліся нашмат бліжэй, чым звычайна, на поўначы Сахары. Буслы з Арменіі ў сярэднім праляцелі толькі каля 1000 км — канечным пунктам іх падарожжа сталі краіны Персідскага заліву. А ўзбекскія птушкі ўвогуле засталіся зімаваць у сваёй краіне, вакол Ташкента, і не далей, чым на 150 км ад месца нараджэння.

«Шляхі міграцыі ў птушак замацаваны на генетычным узроўні, — разважае Дзмітрый Вінчэўскі, — сказаць, як адаб’юцца справакаваныя дзейнасцю чалавека змены паводзінаў на беларускіх буслах, прадказаць немагчыма — вельмі шмат невядомых».

Дапамагчы адказаць на пытанні пра паводзіны і лёс беларускіх буслоў могуць назіранні, таму сёлета і беларускія арнітолагі далучыліся да міжнароднай каманды даследчыкаў.

Паводле t-styl.info