Пачалося галасаванне за «Кнігу году»

Беларускі ПЕН-цэнтр паведамляе пра адкрыццё новага сезону «Кнігі году» — прэміі, якую ўручаюць самі пісьменнікі за найлепшую кнігу, напісаную беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы.

photo_3.jpg


Прэмія будзе прысуджацца за найлепшую кнігу, выдадзеную ў 2016 годзе. На выбар кнігі-пераможцы можа паўплываць кожны сябар журы, а па сутнасці — любы беларускі літаратар.
У гэтым годзе прэмія будзе ўручацца адной кнізе незалежна ад жанру — намінацыі не прадугледжаныя. Пераможца атрымае прыз у памеры 1000 еўра ў эквіваленце па курсе Нацбанка.
Сёлета ў журы прэміі «Кніга году» можа ўвайсці любы пісьменнік альбо перакладчык, які цягам апошніх сямі гадоў выдаў хаця б адну мастацкую або нон-фікшн кнігу. Для таго, каб прагаласаваць, трэба да 20 лютага запоўніць форму на сайце прэміі.
Уручэнне прэміі адбудзецца ў сакавіку. Папярэднія пераможцы: Альгерд Бахарэвіч з кнігай «Дзеці Аліндаркі», Антон Рудак з кнігай «Верхні горад», Вольга Гапеева з кнігай «Сумны суп» і Людміла Рублеўская з кнігай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» (у 2015 годзе прэмія ўручалася ў трох намінацыях: «Проза», «Паэзія», «Дзіцячая літаратура»), Андрэй Хадановіч з кнігай «Нататкі таткі» (2016).