Памерла дзяячка беларускай эміграцыі, скарбнік беларускай царквы ў Таронта Марыя Ганько
У канадскім Таронта ва ўзросце 85 гадоў 20 ліпеня памерла Марыя Ганько — скарбнік беларускай царквы ў Таронта, актыўная дзяячка беларускай эміграцыі.

У 1944 годзе 14-гадовая Марыя Ганько (народжаная Кулеш) разам з сям’ёй, у якой было 9 дзяцей, пакінула родную вёску Шчокаўшчыну на Вілейшчыне, паехаўшы на Захад напярэдадні ўваходу Чырвонай Арміі.
Скончыўшы школу і тэхнікум у Беластоку, у 1957 годзе наведала маці ў Беларусі, маючы надзею застацца на радзіме, але, уразіўшыся немагчымасцю існавання ў беларускай вёсцы, з якой масава ад’язжала ў горад моладзь, вярнулася ў Польшчу.
У 1959 годзе Марыя пераехала да брата ў Таронта, дзе на сходзе беларускай грамады пры царкве святога Кірылы Тураўскага пазнаёмілася з адным з лідараў беларускага жыцця, старшынёй Згуртавання беларусаў Канады Міколам Ганько, за якога выйшла замуж, паведамляе nn.by.
Марыя Ганько брала ўдзел у працы ЗБК, парафіі святога Кірылы Тураўскага, доўгі час была яго скарбнікам, у гонар памерлага ў 1999 годзе мужа выдала кнігу «Каб сведчылі пра Беларусь», у 2009 годзе заснавала Прэмію імя Міколы Ганько, якая ўручаецца за ўнёсак у справу даследавання ці прапаганды беларускай справы.