Relikt знялі кліп пра жаночую моц

Беларускі гурт Relikt выпусціў музычнае відэа да кампазіцыі «Туман у мора» з альбома «Дрэва жыцця».

relikt_2.jpg

“Сюжэт роліка пра дзяўчыну-спартоўку, якую прэсуе, аб’юзіць і харасіць азвярэлы трэнер, робіць незвычайны паварот, калі ахвяра, перанесшыся ў свет прыроды і адчушы сілы, што жывілі беларусаў спрадвеку, перамагае страх і рашуча адказвае агрэсару", — распавядае аўтар сцэнару і рэжысёр кліпа Кірыла Чычэліс.


На яго думку, у аснове ўвасобленага на экране канфлікту ляжыць не што інае, як адвечная барацьба дабра са злом, жыцця са смерцю.


“Зрэшты, узвязку з апошнімі падзеямі ў нашай краіне відэа здабыла новыя сэнсы”, — дадае лідар Relikt барабаншчык Аляксандр Дземідзенка.
У кліпе зняліся Паліна Дзядзейка і Арсеній Шабан. Над відэа працавалі аператар Дзяніс Шрамякоў, гафер Ягор Кулік і асістэнт гафера Ілля Ільянкоў, грымёр Дарыя Марыненка, каларыст Андрэй Гарны, раскадроўшчыца Маша Агрэніч, дырэктарка здымачнай групы Маша Кохна і асістэнтка на пляцоўцы Аліна Агрэніч.
“Туман у мора” — ужо другая сумесная праца музыкаў і рэжысёра: нядаўна Relikt запісалі абноўленую версію хіта “Прыйдзе іх дзень” класікаў беларускага рока гурта “Бонда”, а Кірыла Чычэліс аздобіў яе відэашэрагам, у якім распавёў гісторыю беларусаў, што выступалі і працягваюць выступаць на абарону праўды, гонару і чалавечай годнасці.


Relikt аб’ядноўвае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім фальклорам, паказваючы яго ў нязвыклым выглядзе і робячы актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае.
У дыскаграфіі каманды 6 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD і 9 відэакліпаў. Гурт атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.

relikt_1.jpg



Паводле прэс-рэліза