Розыгрыш латарэі не адбыўся
Нядаўна атрымаў ад
Алеся Сярожкіна квіток
прыгожай грашова-рэчавай латарэі беларускіх калекцыянераў, якую
выпусціла газета «Беларускі калекцыянер» у 2000 годзе. Розыгрыш гэтай латарэі так і не адбыўся.
У 1990 годзе ў Оршы выйшаў першы нумар газеты «Беларускі калекцыянер». Яго рыхтавалі і выдалі калекцыянеры Алесь Сярожкін і Уладзімір Цярохін. Першы нумар накладам 990 асобнікаў разышоўся імгненна. Гэта было першае беларускае спецыялізаванае выданне для калекцыянераў Беларусі. Газету калекцыянеры выдавалі практычна за свае ўласныя сродкі. З друку выйшла ўсяго 24 нумары, быў падрыхтаваны і №25, але з-за недахопу сродкаў ён не быў надрукаваны. Цяпер, на жаль, беларускія калекцыянеры не маюць свайго ўласнага выдання: ні газеты, ні часопіса.
Нядаўна атрымаў ад першага рэдактара «Беларускага калекцыянера» Алеся Сярожкіна з Оршы ліст. Разам з лістом ён даслаў мне квіток прыгожай грашова-рэчавай латарэі беларускіх калекцыянераў, якую выпусціла газета «Беларускі калекцыянер» у 2000 годзе. У лісце спадар Сярожкін паведаміў, што сам розыгрыш гэтай латарэі так і не адбыўся. Хаця для гэтага было ўсё належным чынам падрыхтавана.
Ідэя выпусціць такую латарэю ўзнікла ў калекцыянера і мастака з Ваўкавышчыны Міхася Верацілы. Гэта ён падрыхтаваў эскіз латарэі, а трохі падрэдагавалі яго супрацоўнікі газеты. Розыгрыш латарэі павінен быў праводзіцца газетай «Беларускі калекцыянер». Разыгрываліся тады два камплекты марак «Асобны атрад БНР» з зубцамі і без зубцоў, тры камплекты паштовак — кожны па пяць асобнікаў выдаўца Міхася Казлоўскага з Маладзечна і пяць камплектаў газеты «Беларускі калекцыянер». Грашовы выйгрыш павінен быў скласці 70% ад сабранай сумы грошай.
Латарэя выйшла накладам 100 асобнікаў. А вынікі правядзення розыгрышу латарэі меркаваліся надрукаваць у №25 «Беларускага калекцыянера». Грошы ад продажу латарэі планавалася ахвяраваць на выпуск газеты. Але №25 «Беларускага калекцыянера» з друку не выйшаў, а латарэя так і не была разыграна. Для гісторыі засталіся толькі гэтыя прыгожыя латарэі ад «Беларускага калекцыянера», якія прапаную чытачам «Новага Часу».