Што папулярней — нацыянальнае тату ці вышыванкі?
30–31 траўня ў мінскім Палацы Мастацтва па адрасу Казлова, 3 праходзіць Трэці беларускі фестываль татуіроўкі BELARUS TATTOO FEST 2015, які сабраў лепшых тату-майстроў і прадстаўнікоў тату-студый Беларусі.
Арганізатары фестывалю — а гэта “маэстра” беларускага тату Алесь Таболіч і шэраг тату-клубаў — ставяць задачай павялічэнне цікавасці да мастацтва татуіроўкі як у майстроў, так і ў прыхільнікаў тату-культуры, а таксама пазіцыянаванне татуіроўкі як часткі беларускай мастацкай культуры.
І вось 30 траўня, пачатак другой гадзіны, фэст адчыніўся а 12-ай, вялізная зала верхняга паверху Палаца запоўненая не цесна, але дастаткова. Наведвальнікі апрануты калі не па-дызайнерску, то густоўна, шмат хто — ў нацыянальным стылі. Вакол сцен — каля двух з паловай дзясяткаў стэндаў, дзе ўжо працуюць майстры (заказчыкі — ў самых разнастайных позах, у залежнасці ад таго, дзе ім набіваюць тату). У куце — тры “крутыя” байкі, элемент мотакультуры, якая зазвычай асацыюецца са стылістыкай татуяваных персон. Далей — вітрыны з разьбянымі сувенірамі (эстэтнага цёмнага дрэва), стэнд з вышыванкамі-вышымайкамі-вышыторбамі, вітрына металічных сувеніраў. Усё надзіва стылёва, быццам мы патрапілі кудысьці ў Скандынавію, а не ў залу, дзе наўперамен з мастацкімі выставамі звычайна шумяць бруднаватыя індыйскія, джынсовыя ці мядовыя “базары”.
Нарэшце, прыемная — і чаканая сустрэча. На самым пачэсным месцы, ля тарцовай сцяны проста насупраць параднай уваходнай лесвіцы ў вялікую залу, знакаміты мастак эскізаў беларускіх татуіровак — Алесь Пушкін. Сапраўды, герой некалькіх публікацый “НЧ” — не толькі жывапісец, арганізатар хэпенінгаў і мастацкіх вечарын, ён яшчэ і майстар новамоднага мастацтва тату, прычым у выключна нацыянальным стылі. Патыемся — як поспехі?
“Гэта Трэці фэст татуіровак у Беларусі, — кажа Алесь, — я ўдзельнічаю ў ім невыпадкова, бо даўно захапіўся распрацоўкай эскізаў для тату нацыянальнай тэматыкі. І бачыце, гэтым разам я выставіў даволі складаныя, негеаметрычныя выявы. Але яны карыстаюцца поспехам — у мяне адразу набылі выявы Эміліі Плятэр і Кастуся Каліноўскага. Пакупнікамі — бацька з малым сынам, і гэта вельмі прыемна. Праўда, зазначу, тату-фэст не настолькі папулярны, прынамсі пакуль, як фэсты вышыванак…”
Тым часам арганізатары абвяшчаюць умовы конкурсу татуіровак сярод майстроў і наведвальнікаў, абвешчанага мінскім тату-салонам “Tattoo Art Club”: 10 мільёнаў рублёў за першае месца (“на расходныя матэрыялы для татуіровак”), больш сціплыя — 7 і 5 мільёнаў — за другое і трэцяе месцы адпаведна, у намінацыях выяў: вялікая каляровая, вялікая чорна-белая, традыцыйная беларуская татуіроўка (беларускі “Old school”), эклектыка і рэалізм. У нядзелю, 31 мая, конкурсы працягнуцца ў іншых намінацыях: малая каляровая татуіроўка, малая чорна-белая (манахромная), арнаментальная, арыентальная і “Сover-up”.
Праз некалькі хвілін пачынаюцца майстар-класы на размешчаным пры тылавой тарцовай сценцы подыюме…
Фестываль, як вядома, праходзіць цягам двух дзён і завяршыцца ўручэннем узнагарод пераможцам у разнастайных намінацыях і найлепшым тату-майстрам па выніках фестывалю. Іншым удзельнікам і пераможцам у намінацыях абяцаюць разнастайныя прыемныя падарункі і ўзнагароды. Апрача таго, наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з працамі спецыялістаў вядучых беларускіх тату-салонаў і студый, атрымаць кансультацыю тату-мастакоў, і, пры наяўнасці жадання, зрабіць татуіроўку адразу на фестывалі.
У праграме фестывалю таксама абвешчаныя:
• Выстава мастацкіх прац (графіка, скульптура, жывапіс, фота)
• Знаёмства з зоркамі тату-індустрыі Беларусі
• Майстар-класы ад лепшых беларускіх майстроў
• Выстава-продаж абсталявання і расходных матэрыялаў для татуіроўкі і пірсінгу
• Арт-ф’южн
• Бодзіарт
• Мехендзі
• Падвешванні
• Выстава-продаж арыгінальнага адзення і аксесуараў
Пасля мерапрыемстваў у Палацы мастацтваў плануецца музычная After-party, якая пройдзе вечарам 31 траўня ў клубе “Re:Public”, з удзелам беларускіх гуртоў “Эксперимент 12”, Znich, “Нейра Дзюбель” і “Дай Дарогу”.
Кошт квіткоў на BELARUS TATTOO FEST 2015 наступны: 100 000 руб. — на адзін дзень (Палац мастацтва), 150 000 руб. — на два дні (Палац мастацтва)
Кошт квіткоў на Аfter-party BELARUS TATTOO FEST 2015 — 150 000 руб. — папярэдне, танцпляц, 200 000 руб. — у дзень імпрэзы, танцпляц, 250 000 руб. — за столікам. Кошт агульнага квітка на 2 дні ў Палацы мастацтва і after-party ў клубе Re:public — 300 000 руб. — першыя 250 квіткоў, 350 000 руб. — астатнія.
Квіткі можна набыць праз інтэрнэт і ў месцах продажу, якія можна адшукаць тут:
http://www.ticketpro.by/jnp/shops/index.html.
Поўную праграму фестывалю шукайце тут: https://vk.com/topic-55718773_32153565