Сёння ў Мінску зайграюць Dzieciuki

Уладальнік прэміі парталу «Тузін гітоў» «Героі году — 2014» гурт Dzieciuki cыграе вялікі сольны канцэрт у клюбе «Піраты» (Партызанскі пр., 9а) сёння, 9 студзеня, у межах праекту «Жывы Тузін».



dzieciuki.jpg

Да свайго сольнага выступу гарадзенцы рыхтуюцца з усёй адказнасьцю. «Менск стаў для нас шчасьлівым горадам, тут нас заўсёды прымаюць вельмі цёпла. Таму гэты канцэрт — пэўная справаздача для нашых фанаў. З улікам таго, што за бартом РБ у нас канцэртаў больш чым у роднай краіне, то кожны канцэрт тут на вагу золата. Шчыра запрашаем усіх нашых сяброў ды паплечнікаў!» — кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. 2014 год для яго каманды стаў надзвычай плённым — музыкі выдалі альбом «Гарадзенскі гармідар», зьнялі чатыры відэакліпы, зьезьдзілі ў тур па Еўропе і атрымалі прэмію «Героі году» ад парталу Tuzin.fm.  На канцэрт 9 студзеня Dzieciuki рыхтуюць вялікую праграму, куды ўвойдуць як вядомыя песьні, так і зусім новыя рэчы, з наступнага альбома, праца над якім ужо распачалася.
Выступ гарадзенцаў падтрымае яшчэ адзін цікавы выканаўца, яго імя паведамім за тыдзень да канцэрту.
Канцэрт праходзіць у межах акцыі «Жывы Тузін», якую чацьверты сэзон запар ладзяць партал Tuzin.fm з партнёрамі з грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Весці яго будзе Аляксандар Памідораў.
tuzin.fm