Сёння каталікі адзначаюць урачыстасць Аб’яўлення Пана (Тры Каралі)

6 студзеня ва ўсім свеце Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якую яшчэ называюць святам Трох Каралёў. У гэты дзень у касцёлах благаслаўляюцца крэйда, кадзіла, вада і золата.

north_star_g50af6e0d7_1280.jpg


Зместам урачыстасці з’яўляецца аб’яўленне таямніцы збаўлення ў Езусе Хрысце. Божае Нараджэнне больш канцэнтруецца на прыніжэнні Сына Божага да людской натуры, падкрэсліваючы зямное нараджэнне Божага Слова. Урачыстасць Аб’яўлення Пана скіроўвае наш позірк на Божую веліч Нованароджанага.
На працягу стагоддзяў сфармаваліся шматлікія звычаі, звязаныя з гэтай урачыстасцю. Да найважнейшых з іх належаць: абвяшчэнне даты Вялікадня, благаслаўленне золата, кадзіла і міра, благаслаўленне водаў Ярдана, а таксама благаслаўленне жылых дамоў.
У нас найбольш распаўсюджаны апошні звычай. У Германіі, а цяпер і ў іншых краінах, таксама і ў Беларусі, гэты звычай узбагачаны надпісам на дзвярах літар С+М+В, а таксама датай бягучага года (католікі пішуць яго благаслаўлёнай крэйдай).
Такім чынам, сёлета гэты надпіс выглядае так: С+М+В 2022. Аднак ці ведаем мы, што азначае такое скарачэнне? Адказ на гэтае пытанне даволі няпросты.
Падобна да таго, што тры літары, якімі мы пазначаем дзверы нашых дамоў 6 студзеня, зусім не з’яўляюцца ініцыяламі, як многія лічаць, трох каралёў (Caspar, Melchior, Baltasar). На самым пачатку традыцыі гэта быў скарочаны запіс лацінскага пажадання: Christus mansionem benedicat — Няхай Хрыстус благаславіць жытло! Аднак, як гэта ні дзіўна, і першая, і другая інтэрпрэтацыі не пярэчаць адна адной.
Па-першае, пазначэнне іменем Хрыста ўваходу ў дом нагадвае пра ноч вызвалення Божага люду ад егіпецкай няволі, калі людзі пазначалі свае дамы крывёю пасхальнага ягняці. Па-другое, пішучы літары С+М+В, мы прыгадваем імёны першых язычнікаў, якія пакланіліся Хрысту, і тым самым сведчым пра сваю прыналежнасць да супольнасці людзей, гатовых праслаўляць Хрыста. Такім чынам, два цалкам розныя тлумачэнні сэнсу трох літар практычна маюць аднолькавыя духоўныя высновы.
Англійскі паэт Джордж Герберт у вершы «Звеставанне» адлюстраваў такі звычай: калі кароль выпраўляўся ў падарожжа, перад ім ехалі яго пасланцы і пазначалі жытло, прыдатнае для размяшчэння каралеўскага двара на прыстанак, крэйдай. Магчыма, адсюль узяўся звычай на ўрачыстасць Трох Каралёў пазначаць дзверы дамоў надпісам С+М+В, які азначае, што мы запрашаем у свой дом Божага Караля.
Можа, менавіта таму евангельскія магі з часам «ператварыліся» ў каралёў, якія быццам бы ў ролі кватарантаў заклікаюць прыняць найвялікшага Госця і своеасабліва падкрэсліваюць Ягоную найвышэйшую годнасць.
Магаў, якія пакланіліся Хрысту, мы часта атаясамліваем з мудрацамі. Можа, таму, што і каралям, і магам, і мудрацам пакаянне даецца асабліва цяжка. Магі служылі д’яблу, аднак нават яны знайшлі дарогу да Хрыста. Мудрацы, напоўненыя не столькі Божай мудрасцю, колькі адданыя мудрасці гэтага свету, якая перамяняе чалавечае сэрца ў скалу, вельмі часта няздольныя прыняць Божае зерне, але, як мы ведаем, менавіта такія мудрацы знайшліся ў супольнасці першых Хрыстовых вернікаў...
Заўважым, што рэлігійны знак пазначэння дзвярэй надпісам С+М+В выконвае яшчэ адну функцыю. Ён нагадвае і жыхарам дома, і гасцям, што ў гэтым доме рэлігія мае сваё сямейнае вымярэнне, але яна — не толькі прыватная справа членаў дадзенай сям’і.
Вядома, што сям’я, пабудаваная на падмурку хрысціянскага сакраментальнага сужэнства, павінна быць хатнім Касцёлам. Такая сям’я можа рэалізаваць тры функцыі святыні: быць месцам сапраўднай прысутнасці Бога паміж людзьмі, месцам складання Богу ахвяраў праўдзівай любові, а таксама месцам сведчання пра Бога і Ягоную любоў, якая пануе паміж членамі сям’і і ў іх стасунках з бліжнімі, з кожным Божым стварэннем.
Традыцыя Касцёла заўсёды чытала апавяданне пра Божае Нараджэнне ў святле фрагменту з кнігі прарока Ісаі: «Вол ведае валадара свайго, а асёл — яслі гаспадара свайго» (пар Іс 1, 3). Такім чынам, у традыцыйныя святочныя яслі патрапілі вол і асёл. У сваю чаргу апавяданне пра прыход трох мудрацоў звязвалася з 10-м радком 71-га псальма («каралі Тарсіса і астравоў прынясуць Яму дары, каралі Аравіі і Сабы складуць даніну») і 60-й главой кнігі прарока Ісаі, дзе гаворка ідзе пра народы, якія паклоняцца Месіі. Такім чынам, мудрацы, якія прыбылі з Усходу, сталі называцца таксама каралямі.
Традыцыя прадставіла іх у якасці каралёў трох частак свету: Афрыкі, Азіі і Еўропы. Гэта ўказвае на тое, што для Валадарства Езуса Хрыста не мае розніцы ні раса, ні паходжанне. Таксама з трыма мудрацамі звязваюць тры ўзросты: маладосць, сталасць і старасць. Гэта сведчыць аб тым, што розныя этапы чалавечага жыцця маюць сваё асаблівае значэнне і ўнутранае адзінства ў еднасці з Езусам.
Папа Бэнэдыкт XVI адзначыў, што мудрацы з Усходу сімвалізуюць шлях чалавецтва да Хрыста, яны нібыта ўзначальваюць працэсію, што адбываецца цягам усёй гісторыі. Яны прадстаўляюць не толькі людзей, якія знайшлі дарогу да Хрыста, але і ўнутранае чаканне чалавечай душы, рух рэлігій і чалавечага розуму да Яго.
catholic.by