Спакушэнне Барыса Пятровіча

У выдавецтве “Кнігазбор” пабачыла свет кніга Барыса Пятровіча (Сачанкі) “Спакушэнне”, куды ўвайшлі выбраныя апавяданні, публікаваныя раней у зборніках “Ловы”, “Сон між пачвар”, “Фрэскі”, “Шчасьце БЫЦЬ…”, а таксама шэсць зусім новых твораў.



spakush.jpg

Вокладка кнігі Барыса Пятровіча "Спакушэнне"

Барыс Пятровіч — літаратар, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” (з 2002), Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” (з 2011), аўтар шматлікіх празаічных твораў, перакладзеных на шэраг еўрапейскіх моў. У 2008 і 2011 гг. выйшлі дзве кнігі, пераствораныя Дзмітрыем Плаксам на шведскую мову.

Апавяданні, прадстаўленыя ў кнізе, дэманструюць розныя манеры аўтарскага пісьма — ад класічнага паслядоўнага разгортвання падзей да пошукаў у стылістыцы і разняволенасці ў сінтаксісе. Кароткія жанравыя формы — апавяданні, фрэскі (замалёўкі) — найбольш прывабныя да сучаснага чытача. Але не толькі ў вялікім рамане, але і ў лаканічным аповедзе магчыма выказаць многае, і “хуткаўспрымальнае” чытво можа быць інтэлектуальным.  

Уменне аўтара ў некалькіх старонках адлюстраваць цэлае жыццё чалавека або ў пару сказаў укласці апісанне няпростай гісторыі, асобы, характару — адзнака сапраўднага майстэрства.

“Мне ўжо шмат гадоў. Значна больш, чым па пашпарце. Бо, думаю я, пакуль чалавек верыць, што лепшыя ягоныя гады яшчэ наперадзе, — ён малады, калі ж пачынае лічыць, што ўсё лепшае засталося ў мінулым, — ён стаў старым. А старасць — невылечная хвароба…” — пачынае герой свой аповед у творы “Успаміны. Дзічка”. Тонкая эмацыйнасць і пранізлівасць аўтарскіх рэфлексій не пакідае чытача абыякавым; героям Барыса Пятровіча міжволі суперажываеш і знаходзіш у іх нешта блізкае і роднаснае сабе асабіста.

Героі кнігі “Спакушэнне” балансуюць на мяжы розных пачуццяў: явы і сну, хаосу і гармоніі, на мяжы мінулага і будучыні, і ў гэтым якраз заключаная спакуснасць жыцця.

Новая кніга Барыса Пятровіча, а таксама іншыя выданні “Кнігазбору” можна знайсці ў кнігарнях розных беларускіх гарадоў http://lit-bel.org/by/news/3823.html. Цікаўцеся!

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”