Прэзентацыя кнігі Галіны Каржанеўскай
27 мая (панядзелак) у Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна (вул. Гікалы, 4) адбудзецца прэзентацыя кнігі Галіны Каржанеўскай “Што варта радасці і слёз…”. “Біяграфія ў вершах і нарысах” — так акрэсліваецца жанр кнігі.

Вокладкі кнігі Галіны Каржанеўскай.“Што варта радасці і слёз…”
Крытык Усевалад Сцебурака ў сваёй рэцэнзіі адзначае:
"Кніга спадарыні Каржанеўскай сталася не проста фіксацыяй рэальных падзеяў з асабістага жыцця і лёсу сямейнікаў ды землякоў, але і іх праекцыяй ва ўнутраным свеце чалавека і творцы.
Па задуме аўтара, у кнізе структурна выдзеленыя дзве часткі. Асобна адлюстраваныя два перыяды жыцця — ранні, звязаны са Случчынай, і пазнейшы — злучаны з Лагойшчынай, дзе спадарыня Каржанеўская жыла ў весцы Янушкавічы і настаўнічала ў мястэчку Плешчаніцы".
У вечарыне возьмуць удзел людзі, жыццё якіх звязанае са Случчынай і Лагойшчынай, калегі і сябры аўтаркі. Выступяць творцы Раіса Баравікова, Фелікс Баторын, Ніна Галіноўская, Алесь Емяльянаў.
Пісьменнікі Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч, заснавальнікі і рэдактары серыі “Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”, у якой выйшла кніга Галіны Каржанеўскай, распавядуць пра новыя выданні.
Народныя песні выканае гурт “Сёмуха”. У праграме вечара — дэманстрацыя слайдаў з кнігі, багата ілюстраванай фотаздымкамі з асабістага архіва Галіны Каржанеўскай.
Пачатак у 17.30. Уваход вольны
Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”