Стары Ольса сёння адзначае 15-годдзе канцэртам у Мінску. Кожнаму ў вышыванцы — дыск у падарунак
Сёння ў Палацы культуры МАЗ прагучаць найлепшыя кампазыцыі з найлепшых альбомаў. Кожнаму, хто прыйдзе ў вышыванцы, арганізатары абяцаюць падарунак.
Сваё 15-годзьдзе гурт «Стары Ольса» адзначыць трыма канцэртамі: 16 лістапада ў Менску, 23 — у Гародні, 13 сьнежня — у Гомелі. Канцэрты адбудуцца пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода.
Сёньня на менскім канцэрце прагучаць найлепшыя кампазыцыі з найлепшых альбомаў. Выканаюць музыкі і зусім новыя песьні, якія яшчэ не запісаныя, — абяцае кіраўнік гурту «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі.
Прэс-канфэрэнцыя гурту "Стары ольса" ў Менску
З гэтых песень і паўстане новы альбом «Старога Ольсы», які гурт плянуе запісаць ўзімку 2015 года. Пакуль жа музыкі будуць граць гэтыя кампазыцыі на канцэртах, каб дапасавацца, знайсьці новыя ідэі і найлепшую аранжыроўку. Зьміцер Сасноўскі адзначыў, што гурт плянуе вярнуцца да сярэднявечнай музыкі:
«Мы хочам запісаць больш песень, песенны альбом. Бо апошнія 5–6 гадоў гучалі ў асноўным інструмэнтальныя альбомы. І гэта ўсё віна нашага лютніста Ільлі Кубліцкага, бо ён — адэпт барока. А мы хочам вярнуцца ў сярэднявечча. Новыя песьні мы сабралі ў праграму «Застольныя песьні ліцьвінскага рыцарства», — распавёў Зьміцер Сасноўскі.
Фота: Budzma.org
Гэта — пляны на будучыню. А вось сваё 15-годзьдзе музыкі гурту пакуль не асэнсавалі.
«Асэнсаваць 15 гадоў існаваньня ў мяне асабіста не атрымліваецца. Здаецца, мусілі пасталець, але такога адчуваньня няма. Паводзіны нашы толькі пагоршыліся.
Мы ператвараемся ў навуковую лябараторыю, але больш сур’ёзныя не становімся», — пракамэнтаваў Зьміцер Сасноўскі.
Мода на вышыванкі — гэта пакуль адзін з элемэнтаў, якія стварае рысы нашай арыгінальнасьці
15 гадоў таму музыкі пачалі граць тое, чаго не граў ніхто, як кажа сам заснавальнік гурту. У гісторыі музыкі яны знайшлі тое, што іх адрозьнівае. Менавіта з пошукамі ўласнай унікальнасьці і зьвязвае Зьміцер Сасноўскі цяперашняе вяртаньне зацікаўленасьці да беларускага традыцыйнага адзеньня, музыкі, культуры:
«Старадаўняя мода, у тым ліку і мода на вышыванкі — гэта пакуль адзін з элемэнтаў, якія стварае рысы нашай арыгінальнасьці. Калі беларусы трапляюць у шматэтнічную кампанію, гэта робіць іх сьвядомымі, яны разумеюць, што нельга быць нікім. Мяне аднойчы зьдзівіў адказ беларускіх музыкаў на фэстывалі ва Ўкраіне. На пытаньне, адкуль яны, беларусы адказалі: „Зь Менску“. Не назвалі краіну, да якой яны належаць, а выключна геаграфічнае азначэньне таго, адкуль яны прыехалі», — распавёў Зьміцер Сасноўскі.
А самі музыкі ва Ўкраіне прасьпявалі «Бітву пад Воршай», бо гэта тое, што, паводле музыкаў, беларусаў злучае з украінцамі. Гурт «Стары Ольса» з канцэртам прыехаў бы і ў Данецк, але пры адной умове — калі б ён зноў стаў украінскім, кажа Сасноўскі.
На пытаньне, ці змагаліся б цяпер беларусы за сваю незалежнасьць, і калі так, то пад якую музыку, Зьміцер адказаў, што калі беларусы 5 стагодзьдзяў адбівалі столькі войнаў, то безумоўна, змагаліся б і цяпер. А вось музыка змаганьня была б вельмі рознай:
«Цягам гэтых стагодзьдзяў, усіх гэтых войнаў, чалавек трапляў у розныя сытуацыі — побытавыя, непасрэдна вайсковыя, быў закаханы, хадзіў у касьцёл і царкву, быў на прыёмах у магнатаў, езьдзіў за мяжу, вучыўся ва ўнівэрсытэце. Змаганьне за сваю краіну, гонар за яе, любоў да сваёй гісторыі — усё гэта адбывалася пад музыку, якую мы спрабуем па кавалках вяртаць», — распавёў Зьміцер Сасноўскі.