У Белдзяржфілармоніі сёння вялікі вечар памяці Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна
Ідэя правесці мемарыяльную вечарыну належыць народнаму артысту Беларусі, дырыжору Міхаілу Казінцу.
nn.by
Сёння а 19-й гадзіне ў Вялікай зале Філармоніі адбудзецца канцэрт памяці паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна «Струны сэрца чыстага».
«Мы былі з аднаго пакалення, а з Генадзем Мікалаевічам мы яшчэ сябравалі. Любоў да беларускай паэзіі прыйшла да мяне ў далёкія 1960-я пад уплывам паэзіі Барадуліна і Бураўкіна.
Рыгор Барадулін — першаадкрывальнік новых даляглядаў у лексіцы паэзіі. У яго вершах рассыпаны разынкі народнага гумару.
Генадзь Бураўкін — паэт-лірык, але і ў ранняй, і ў позняй лірыцы ён заўсёды паўстае вялікім філосафам і грамадзянінам. І Барадулін, і Бураўкін — гэта носьбіты беларускасці, абодва вельмі тонка адчувалі беларускую мову.
Лёс распарадзіўся так, што яны пайшлі з жыцця амаль адначасова, адзін за адным — вясной 2014 году…», — так патлумачыў народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец свой выбар.
У першым аддзяленні мемарыяльнай вечарыны прагучаць песні на вершы паэтаў. У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца будуць спяваць Зміцер Вайцюшкевіч, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў, харавая капэла імя Рыгора Шырмы.
У 2-м аддзяленні Міхаіл Казінец будзе дырыжыраваць Дзяржаўным акадэмічным сымфанічным аркестрам. Будзе выкананая Шостая сымфонія Андрэя Мдзівані «Полацкія пісьмёны», паведамляе "Радыё Свабода".