У Гомелі паказалі вулічны паэтычны спектакль (фота)
Тэатральная майстэрня “Сляды” і гомельскія паэты “згулялі ў Шэкспіра”.

25 ліпеня ў Гомелі каля кава-вагончыка “Cup of Peace” тэатральная майстэрня“Сляды” прадэманстравала публіцы вулічны паэтычны спектакль. “Паэты і тэатр. Гуляем у Шэкспіра” — так гучыць назва тэатралізаванага відовішча, дзе акцёры чытаюць сучасныя вершы, аб’яднаныя між сабой усім вядомым сюжэтам пра Рамэа і Джульету.
Рэжысёр спектакля Вольга Чарненка сцвярджае, што вулічны тэатр у Беларусі прадстаўлены ў асноўным мімамі і тэатрам на хадулях. Таму майстэрня “Сляды” вырашыла апрабаваць варыянт вулічнага сярэднявечнага тэатра. Да гэтай ідэі далучыліся гомельскія паэты са сваімі вершамі.
Чарненка: “Калі мы іх сталі чытаць, выбіраць, раптоўна прыйшла ідэя арганізаваць іх у такую форму, як дзеці гуляюць у хованкі, у казакоў-разбойнікаў, мушкецёраў. Так мы вырашылі пагуляць у Шэкспіра і абыграць вельмі вядомы сюжэт Рамэа і Джульеты вершамі гомельскіх паэтаў”.
Форма вулічнага тэатра — адзін з варыянтаў дзейнасці тэатральнай майстэрні “Сляды”. Спектакль “Паэты і тэатр. Гуляем у Шэкспіра” — новая праграма, якая дэманстравалася сёлета на фэсце вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” у межах фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”.







