У Воршы знялі мемарыяльную шыльду Караткевіча
Аршанцы абураныя дзеяннямі прадпрымальніка, які не дазваляе вярнуць на набыты ім будынак шыльду і гарэльеф памяці іх земляка, пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
Так было да знікненьня шыльды
Шыльда і гарэльеф з выявай пісьменніка з 1990 году былі на першым будынку вуліцы Караткевіча. Некалькі месяцаў таму яна знікла, калі ў будынку пачаўся рамонт. Цяпер ён скончаны, але шыльда на
сваім ранейшым месцы не з'явілася.
У будынку, на сцяне якога былі шыльда ў гонар Уладзіміра Караткевіча і барэльеф аўтарства талачынскага скульптара Юрыя Палякова, цяпер знаходзіцца Парытэтбанк. Аднак да знікнення шыльды ў памяць
пра славутага пісьменніка гэтая ўстанова дачынення не мае — банк арандуе гэты будынак. І супрацоўнікі банку, падобна, няёмка пачуваюцца ў гэтай сытуацыі: адразу скіроўваюць за рог будынку,
дзе ўзведзены высокі плот. А перад зачыненымі весніцамі — перамоўнае прыстасаванне.
Націснуўшы на кнопку з надпісам «прыёмная», удаецца звязацца са спадарыняй, якая наадрэз адмаўляецца адчыніць дзьверы. Паведамляе толькі, што ўласнік будынка —
прыватны прадпрымальнік Уладзімір Андрэевіч Панасенка. І дыктуе нумар тэлефона, па якім замест адказу — адны толькі доўгія гудкі.
Цяперашні будынак Парытэтбанку раней быў адміністрацыйным корпусам аршанскага піўзаводу. Пасля закрыцця прадпрыемства спадар Панасенка і набыў будынак. Потым там рабілі рамонт, і напачатку
здавалася, што шыльда і гарэльеф вернуцца на свежапафарбаваную сцяну. Але гэтага не здарылася. І аршанцы непакояцца, што сцяна так і застанецца пустой.
У двухстах метрах адсюль — аршанскі музей Уладзіміра Караткевіча. Там пра праблему з шыльдай і гарэльефам ведаюць. Пару месяцаў таму дырэктар музею Ірына Гаеўская размаўляла са спадаром
Панасенкам, ці збіраецца ён вяртаць на месца гарадскую маёмасць:
«Я спыталася, на якіх падставах, навошта шыльду знялі, і ці збіраецеся яе вяртаць. Ён сказаў: «Я вам зараз не скажу ні «так», ні «не». Гэта
было ў ліпені, і ён сказаў — не кажу ні «так», ні «не»...
Паводле Ірыны Гаеўскай, шыльда і гарэльеф цяпер знаходзяцца ў тым самым будынку. А што да перспектывы, то Уладзімір Панасенка нібыта прапануе павесіць іх не на старым месцы, а насупраць
— зрабіць праз вуліцу нейкі «мемарыял», прафінансаваўшы ўвасабленне гэтай ідэі асабіста.
Ніякіх прыкметаў узвядзення «мемарыялу» не відаць. І аршанцы кажуць, што гаспадар будынка не мае рацыі, калі не вяртае на месца шыльду і гарэльеф. Вось што давялося пачуць ад
мінакоў на вуліцы Караткевіча:
«Значыцца, не мае рацыі гаспадар! Караткевіч — гэта наш пісьменнік, вядомы на ўсю краіну, і не толькі! У нас і 3-я школа носіць яго імя, ён тут жыў», —
разважае спадарыня сталага веку.
Яе сяброўка працягвае: «Не ён шыльду ўсталёўваў, не ён вуліцу пераймяноўваў — не яму і здымаць! На маю думку, шыльду мемарыяльную трэба вяртаць!»
«Канешне, тым больш, што яна тут заўжды была. І ўвогуле: куды ён яе падзеў? Гэта ж памяць наша!«,—гаворыць маладая маці, якая прагульваецца з дзіцячым вазочкам.
«Гэта ж наш пісьменнік! Трэба аднаўляць! Можа, выканкам умяшаецца? Намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях, напрыклад? Я і сам быў на адкрыцці, калі шыльду адкрывалі. Кветкі ўскладаў.
Была шыльда, прыгожа было» — згадвае спадар.
«Але ж кудысці прыбралі яе? А вось куды падзелі — гэта пытанне. Думаю, яна нікому не замінала, дык няхай бы і была! Гэта ж наш пісьменнік, вунь там дом стаіць, дзе ён жыў. І на
ім шыльда ёсць. А ўвогуле — нават у Кіеве помнік паставілі яму, нашаму беларускаму пісьменніку. А ў нас — чаго знялі?» — абураецца бабуля-пенсіянерка.
Яшчэ адна спадарыня дзеліцца ўспамінамі:
«Так, была шыльда. І кветкі туды ўскладалі. Гэта ж наша памяць! Ідзеш, бывала, па вуліцы Леніна, і чытаеш на крайнім будынку, што тут пачынаецца вуліца Караткевіча, прыгадваеш...Тут і
дом, дзе ён жыў. Раней гэта была вуліца Касманаўтаў, а потым перайменавалі — у гонар Караткевіча. Няхай бы і шыльда была!»
«Якая розніца, хто гэты будынак набыў? Гэта ж наша агульная гісторыя і памяць! Трэба, каб аднавіў», — заяўляе дзяўчына.
Цяперашнюю назву вуліца атрымала ў выніку перайменавання напрыканцы 1980-х гадоў. Яно адбылося з ініцыятывы шырокай грамадскасці — мастацкай інтэлігенцыі і гараджан-аршанцаў. Вуліца
непасрэдна звязаная з лёсам Уладзіміра Караткевіча: тут дагэтуль стаіць дом, дзе жыла сям’я пісьменніка, гаворыць Вольга Пашковіч, супрацоўніца музея Караткевіча:
«Тут напісаны першы варыянт „Дзікага палявання караля Стаха“, „У снягах драмае вясна“, некаторыя вершы. Гэта бацькоўская хата: на новую пасля вайны
грошай не было, і ў 1946 годзе яны набылі хату ў вёсцы ды перавезлі ў Воршу». У Воршы шмат згадак пра Уладзіміра Караткевіча — гэта і вуліца, і школа, якія носяць ягонае імя, і
музей, і помнік у парку над Дняпром. Гараджане ганарацца сваім земляком, і таму занепакоеныя, каб яшчэ адзін напамін пра яго — шыльда і гарэльеф — не зьніклі на прыхамаць аднае
асобы і абавязкова былі адноўленыя.