Уладзімір Арлоў: як святкавалі Дзень Волі раней

Беларуская дзяржаўнасць сягае сваімі каранямі да Полацкага княства, але як ідэя, за якую сталі змагацца, яна аформілася з паўстаннем Кастуся Каліноўскага, сцвярджае гісторык Уладзімір Арлоў. Абвесціўшы незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, беларусы зноў сталі дзяржаўным народам пад сваёй сучаснай назвай, падкрэслівае ён.

Фота з асабістай старонкі

Фота з асабістай старонкі

Уладзімір Арлоў у інтэрв'ю радыё Унэт распавядае пра гісторыю свята.
— Ідэалы БНР жылі, перш за ўсё, у беларуская дыяспары. Шырока святкаваліся там, дзе гэтыя дыяспары колькасна вялікія былі — у Злучаных Штатах Амерыкі, Вялікабрытаніі, Канадзе. І я, павандраваўшы потым па свеце, у часы незалежнасці быў уражаны, наколькі гэта сапраўды заўсёды было падрыхтаванае свята, такое маляўнічае з нейкімі элементамі тэатралізацыі, з нашай сімволікай, з канцэртамі, з прыняццем дакументаў адпаведных. Гэтаму безумоўна спрыяла дзейнасць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая дагэтуль існуе ў эміграцыі і яе ўзначальвае Івонка Сурвіла. А было спадзяванне напачатку 90-х гадоў, што прыйдзе той дзень, калі Рада перадасць свае паўнамоцтвы беларускаму ўраду. На жаль, гэты дзень, гэты час адкладаецца зноў і зноў. Але хочацца верыць, што ён надыдзе.
У сярэдзіне 80-х мы ўжо таемна, але святкавалі ў нейкіх вузкіх колах беларускіх. Беларуская «Майстроўня» святкавала. Святкавалася гэта дата таемна, нават не з усімі ўдзельнікамі, самымі такімі надзейнымі ў нашым клубе творчай моладзі ў Полацку і Наваполацку «Маладзік». І я памятаю, як мне паэт Анатоль Сыс прыслаў бандэрольку ў 87-м можа годзе з кніжкай і ў кніжцы была закладка такая, паштоўка была. Там, з беларускім краявідам, было напісана «Віншую, са святам!». І я ўжо ведаў, з якім святам ён мяне віншуе.
25 сакавіка 1993 года святкавалася гэта дата ў вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І ў прэзідыўме сядзеў старшыня Рады БНР тагачасны Язэп Сажыч і Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч, і Зянон Пазьняк. Удзельнічаў наш спявак Багдан Андрусішын-Данчык. Ну і здавалася, што мы на такім аптымістычным шляху наперад. На жаль, праз год з нечым усё пачало мяняцца.
Я, дарэчы, яшчэ ў 1990 годзе напісаў да Дня Волі сваё эсэ «Незалежнасць — гэта...», перакладзенае ўжо амаль на 30 моў народаў свету. Тады напачатку 90-х яго надрукавалі ўсе незалежныя і дзяржаўныя беларускія газеты. Апафеозам была публікацыя, хай сабе ў адаптаванай такой форме, у газеце «Піянер Беларусі» перад 25 сакавіка.
І я хачу сказаць, што беларусы ва ўсім свеце гэты дзень павінны святкаваць з вераю ў тое, што ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі жывыя, што мы за іх змагаемся, і ўсе тыя пакуты, страты, усе гэтыя зняволенні, сведкамі чаго мы цяпер з’яўляемся, усё гэта не дарэмна, усё гэта служыць будучыні.
— З пункту гледжання нас, жывучых сёння, якое значэнне мае тая дата?
— Трэба сказаць, што тады пачаўся вельмі доўгі такі, крамяністы шлях да сапраўднай незалежнасці, бо Беларуская Народная Рэспубліка, у якой дзяржаўнымі сімваламі быў бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня», дзяржаўнай мовай была беларуская мова, была растаптаная бальшавікамі, але знішчыць ідэю беларускай незалежнасці ім не ўдалося. І бальшавікі вымушаны былі пайсці на абвяшчэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Без БНР яны б не пайшлі на гэта.
І ў марыянеткавай БССР, хай сабе ў такой карыкатурнай форме, працягвала жыць ідэя беларускай незалежнасці. Дзякуючы гэтаму, на палітычнай карце свету ў 1991 годзе, у рэшце, з’явілася Рэспубліка Беларусь.