Валянцін Елізар'еў вяртаецца ў Оперны і будзе мастацкім кіраўніком тэатра

Выдатны беларускі харэограф, народны артыст Беларусі і СССР Валянцін Елізар'еў вярнуўся ў Оперны тэатр і заняў пасаду мастацкага кіраўніка. Гэтую інфармацыю ён паведаміў TUT.BY.

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

Сёння Валянцін Елізар'еў падпісаў кантракт тэрмінам на пяць гадоў. Заўтра міністр культуры Беларусі Юрый Бондар прадставіць яго калектыву, які выдатна знаёмы з асобай і творчасцю славутага беларускага харэографа.
26-гадовы Елізар'еў стаў галоўным балетмайстрам Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета ў 1973 годзе. Пазней ён з'яўляўся дырэктарам - мастацкім кіраўніком балетнай трупы. Елізар'еў зрабіў беларускі балет вядомым ва ўсім свеце. У 1996-м Валянцін Мікалаевіч быў удастоены звання «Лепшы харэограф года» і прэміі Benois de la Danse, заснаванай Міжнароднай асацыяцыяй танца, за харэаграфію балета «Страсці (Рагнеда)».
Елізар'еў сышоў з калектыву ў 2009 годзе. Тады завяршалася рэканструкцыя Тэатра оперы і балета. Планавалася, што Елізар'еў зойме пасаду дырэктара Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Але яму была прапанавана толькі стаўка «галоўнага балетмайстра». Як распавядаў харэограф TUT.BY, ён палічыў, што гэта «крыўднае запрашэнне ў маё юнацтва», бо Елізар'еў пачынаў працу ў тэатры з гэтай пасады.
Тлумачачы сваю пазіцыю, Елізар'еў адзначыў, што адмовіўся ад пасады галоўнага балетмайстра свядома: «Творчасць, вытворчасць і грошы існуюць непарыўна — гэта я зразумеў даўно. Ты павінен ведаць, што планаваць на будучыню, якія рэсурсы ў цябе ёсць. Калі гэта ўсё знаходзіцца ў розных руках, тады нічога талковага зрабіць нельга».
Оперны тэатр не супрацоўнічаў з харэографам да 2017 года, калі Елізар'еў ажыццявіў новую рэдакцыю свайго балета «Спартак».
TUT.BY