Дзесяцігоддзе "Срэбнага вяселля" (фотарэпартаж)
У мінскім клубе "Prime Hall" прайшоў канцэрт "Срэбнага вяселля" — беларускага кабарэ, што ўтварылася ў 2005 годзе. Канцэрт быў прысвечаны дзесяцігоддзю гурта.
На сцэне "Срэбнае вяселле" прадэманстравала максімальна творчы падыход да працы, ператварыўшы звычайны выступ у сапраўднае шоў: апроч музычнага складніку, быў паказаны і перформанс у розных касцюмах і з разнастайнай атрыбутыкай.
Адразу прыкметна тое, наколькі ўсё ж такі гэта жывы гурт: глядзець ды слухаць іх жыўцом ці слухаць у запісе — дзве розныя рэчы. "Срэбнае вяселле" вельмі адышло ад кабарэ, але тая атмасфера засталася.
"Траўні сэрца застаецца ляжаць на мосце на тым
Пускаючы папіросавы дым
У халодных пясках, у тужлівых цісках
З пісталетам у руках"
"Срэбнае вяселле" "Pont Neuf"
Перад тым, як прагучала песня "Pont Neuf", вакалістка гурта Бенька сказала, што гэта песня гучыць у гонар Сяргея Будкіна. Калісьці Будкін спытаў іх: чаму яны не выконваюць нічога на беларускай мове. Вось так і з'явілася песня "Pont Neuf" — сумесь французскага і беларускага свету. Яшчэ вакалістка адзначыла, што яны спрабавалі граць яе на рускай мове, але на ёй неяк не гучыць: "Напэўна, беларускі і французскі дзесьці вельмі падобныя", — адзначыла Бенька.
Адну песню Бенька выканала разам з вакалістам гурта «Касіяпея» — Іллёй Чарапко-Самахвалавым
Наталля Куніца, таксама вядомая сваім сольным праектам "Mustelide"
Пад канец усё сышло ў нейкі дзікі хаос, мабыць, з-за таго, што гурт спрабаваў максімальна адарвацца на свой юбілей.
Таксама ў "Срэбнага вяселля" нядаўна выйшаў новы кліп на песню "Ag". Кліп вельмі дэпрэсіўны, зняты ў чорна-белым колеры. У кліпе быццам паказваецца маркота сталага чалавека, скрозь прызму настальгіі пра дзяцінства.