Заўтра ў Мінску пройдзе публічная лекцыя пра Казіміра Малевіча

10 кастрычніка ў межах цыкла лекцый "Авангард, мадэрнісцкая неакласіка, уяўленне" ў Мінску выступіць брытанская мастацтвазнаўца Крысціны Лодэр.

Лекцыю супольна ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр сучасных мастацтваў.
Пачатак ХХ стагоддзя — найцікавейшы перыяд для даследчыкаў пераломных эпох. Змены ў сацыяльным жыцці, супярэчнасці ў палітычнай, эканамічнай, культурнай сферах сталі падставай для перагляду каштоўнасных арыенціраў у еўрапейскім грамадстве. Дынамічнасць новага часу задала і новы пульс культурнага жыцця, пра што сведчыць развіццё філасофіі, мастацтва, навукі, рэлігіі. Кожная з гэтых сфер можа стаць прызмай для аналізу тых трансфармацый, якія адбываліся ў грамадстве ў гэты час.
Прыклад мастацтва авангарду дазваляе нам убачыць культурна-цывілізацыйныя змены ў іх найбольш вострым, глыбокім адлюстраванні. У сваіх памкненнях знайсці стыль новага часу мастакі зыходзілі з пераканання, што зменлівы сусвет не можа быць увасоблены ў статычнай прасторы. Прадметам мастацкага аналізу становяцца дасягненні тэхнікі, фізічныя і касмічныя феномены, пераўтварэнні ў грамадстве.
Лекцыя брытанскай мастацтвазнаўцы, гісторыка мастацтва, даследчыцы рускага авангарду і канструктывізму Крысціны Лодэр "Казімір Малевіч і архітэктура супрэматызму" прысвечана руху Малевіча ад жывапісу да архітэктуры з дэталёвым абмеркаваннем асобных фактараў, якія абумовілі намер Малевіча развіваць супрэматычную архітэктуру, а менавіта - новая роля авіяцыі, утапічныя імпульсы рэвалюцыі, філасофія Мікалая Фёдарава, узаемадзеянне касмічных падарожжаў і сацыялізму ў навуковай фантастыцы Аляксандра Багданава, ідэі Канстанціна Цыялкоўскага і інш.
Публічная лекцыя Крысціны Лодэр "Казімір Малевіч і архітэктура супрэматызму" пройдзе 10 кастрычніка ў Цэнтры сучасных мастацтваў (Мінск, вул. Някрасава, 3). Пачатак у 19.00. Уваход вольны!
На сайце Лятучага ўніверсітэта можна будзе пабачыць анлайн-трансляцыю лекцыі.
Паводле fly-uni.org