Знакаміты беларускі віяланчэліст-віртуоз Іван Карызна вяртаецца ў Мінск з новай праграмай
Выпускнік Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Парыжскай кансерваторыі, які выступае з сольнымі канцэртамі ў розных краінах з лепшымі аркестрамі і музыкантамі, Іван Карызна прадставіць на радзіме арыгінальную праграму ў ансамблі з піяністам Барысам Кузняцовым (Германія).
У гісторыі поспеха маладога віяланчэліста — узнагароды больш чым дзесяці міжнародных конкурсаў, сярод якіх асабліва важныя Конкурс імя П.І. Чайкоўскага ў Маскве і Конкурс імя Каралевы Елізаветы ў Брусэлі, дзе Іван не толькі стаў лаўрэатам, але і атрымаў Прыз глядацкіх сімпатый.
Сярод знакамітых калегаў, з якімі супрацоўнічаў і выступаў Іван Карызна, такія славутыя музыканты, як Валерый Гергіеў, Уладзімір Співакоў, Юрый Башмет, Гідон Крэмэр. Дзякуючы асабістаму садзейнічанню Уладзіміра Співакова, які параўнаў талент маладога беларуса з геніем Мсціслава Растраповіча, Іван Карызна атрымаў унікальную віяланчэль старадаўняга французскага майстра Агюста Бернардэля (Парыж, 1867 год).
Геаграфія выступленняў Івана Карызны ахоплівае ўвесь свет: ад краін Еўропы да Ізраіля, Мексікі, ЗША і Японіі. Графік музыканта распісаны на некалькі гадоў наперад, а ў Беларусі ён не іграў цэлых тры гады. Нягледзячы на тое, што кожны канцэрт важны і мае свой настрой, да выступлення ў Мінску ў Івана Карызны асаблівае стаўленне. Беларускую публіку чакае цёплая сустрэча з яркім прадстаўніком сучаснай выканальніцкай школы.
Канцэрт адбудзецца ў Вялікай залі Белдзяржфілармоніі 5 сакавіка ў 19:00. У праграме прагучаць творы Шуберта, Бетховена, Брамса.
Паводле прэс-рэлізу