Акт аб дэмакратыі для Беларусі не ўключаны ў бюджэт ЗША на наступны год

Акт аб дэмакратыі для Беларусі, падпісаны год таму, не ўключаны ў бюджэт ЗША на 2022 год, паведамляе reform.by.

Джулі Фішэр

Джулі Фішэр


Спецпасланніца ЗША па Беларусі Джулі Фішэр у інтэрв'ю «Радыё Свабода» сказала, што дакумент быў прыняты ў патрэбны для ЗША момант у сэнсе вызначэння кірунку дзеянняў па Беларусі і што ЗША працягваюць падтрымліваць Беларусь у імкненні да дэмакратычных перамен.
«Я разумею, што для тых, хто працуе на карысць больш свабоднай Беларусі ні адзін з прынятых крокаў не быў дастаткова рашучым. Яны хочуць больш ціску, больш санкцый, больш інструментаў для падтрымання сваёй справы. Я разумею, што для больш чым 900 палітвязняў і іх сем'яў дарагая кожная гадзіна. Але я таксама разумею, што элементы міжнароднай каардынацыі, міжнароднага далучэння, нашага ў тым ліку — гэта інструменты, якія за адзін дзень не падрыхтуеш. Таму мы будзем працаваць над тым, каб дзейнічаць хутка, аператыўна, дынамічна, гнутка рэагаваць на развіццё падзей на месцы і мець на ўвазе, што сітуацыя патрабуе неадкладнага рашэння, з улікам палітычных зняволеных. Гэтая сітуацыя дае кірунак нашай дзейнасці ў Беларусі», — сказала Фішэр.
Нагадаем, Акт аб дэмакратыі для Беларусі быў падпісаны і ўключаны ў бюджэт ЗША ў канцы 2020 года. Акт аб дэмакратыі заклікаў да перамоў і новых выбараў у Беларусі, вызвалення палітычных зняволеных. Дакумент меў на ўвазе падтрымку беларускіх СМІ і прадстаўнікоў IT-сектара, змяшчаў заяву пра тое, што ЗША не прызнаюць ўключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расіяй.