«Атрымліваецца, што беларусаў бачаць залежнымі ад волі Украіны»
Публіцыст і паэт Стась Карпаў разважае ў сваім допісе ў фэйсбуку пра тое, што спроба прадставіць полк Каліноўскага як легітымны беларускі орган — адна з самых прыкрых навінаў апошняга часу. Бо само становішча палка Каліноўскага выклікае пытанні.
Спроба прадставіць полк Каліноўскага як легітымны беларускі орган — адна з самых прыкрых навінаў апошняга часу. І зусім не таму, што яго ўдзельнікаў ніякі беларускі народ не назначаў сваімі дэлегатамі. У камандзе Ціханоўскай ёсць асобныя персанажы, якія ўдзельнічалі ажно ў цэлых праймерыз і набіралі там нуль галасоў, а цяпер вось якія сталі важныя.
Так што справа ў іншым.
Калі ўкраінцы лічаць, што каліноўцы — сапраўды прадстаўляюць наш народ, то з улікам іх становішча ва Украіне выбар прадстаўнікоў захапляе, канечне.
Грамадзянства каліноўцам нельга. Выплаты іх сем'ям — нельга. Затое запрасіць іх у свой кабінет — можна.
А што будзе ў кабінеце? У кабінеце іх можна сустрэць, закінуўшы ногі на стол, і назіраць за тым, як яны мнуць салдацкую шапку.
— Ты няблага пазмагаўся, сынок. Назначаю цябе прадстаўніком беларусаў. Сядай, прадстаўнік. Вось табе ў распараджэнне Брэсцкая вобласць. Глядзі не пра*бі.
Калі ўкраінскія эліты лічаць, што Полк прадстаўляе беларусаў — то становішча гэтага самага палка нам шмат пра што кажа. Спраецыруем.
Атрымліваецца, што беларусаў бачаць залежнымі ад волі Украіны. Бачаць народам, якому няма куды падзецца, і чыё сёння і заўтра залежыць выключна ад некаторага аб'ёму прыязнасці з украінскага боку.
І вось будзеш ты стаяць, прадстаўнік свайго народу, у кампаніі міністраў перад камерамі. І спытаюць у цябе:
— А ці справядліва аддалі БССР Палессе, прадстаўнік?
І што ты скажаш? Ну, не ўцячэш жа ты, дзвярыма грукнуўшы. Уцякаць няма куды.
Шмат пытанняў можна вырашыць такім чынам. Усё, што на карысць Украіне — гэта на карысць нашаму славянскаму братэрству.
Недзе я нешта такое бачыў. Некалі.
Людзі, якія аддалі табе ўсё і залежаць ад цябе крыху болей чым цалкам — о! Гэта самы лепшы адстайвальнік сваіх інтарэсаў і інтарэсаў іншай нацыі! Дзіўная штука, як хутка ўнутры цябе вырастае рускі чалавек, які дыктуе табе самы лёгкі спосаб адпомсціць за сваё прыніжэнне праз прыніжэнне кагосьці яшчэ.
Сумная навіна заключаецца ў тым, што пасля перамогі Украіна можа стаць лепшай краінай у свеце, а можа стаць канцэнтраванай рашкай, краінай якая жыве выключна каб помсціць і прыніжаць.
— Ты давай, прадстаўнік. Прадстаўляй нам сваю Беларусь, але давай толькі хвілін на 15, бо сам разумееш, дзел неўправарот.