Беларускія трактары па кошце афрыканскага золата. Як працуе «свой» бізнес у Афрыцы

Старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч на «Пульсе Леніна-19» расказвае пра тое, якія інтарэсы пераследуюць «кашалькі рэжыму» ў краінах Афрыкі і што азначае гісторыя з Зімбабвэ.

«Залаты» беларускі трактар. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Залаты» беларускі трактар. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


На гэтым тыдні ў Мінск прыбыла жонка прэзідэнта Зімбабвэ. Тыднем раней Беларусь з афіцыйным візітам наведаў кіраўнік МЗС гэтай краіны. У сваю чаргу міністр замежных спраў Беларусі, ледзь праводзіўшы дадому калегу з Зімбабвэ, тут жа выправіўся следам за ім у Афрыку, каб здзейсніць свой першы афіцыйны візіт у Кенію і свой першы самастойны выезд за мяжу. Да гэтага Сяргей Алейнік толькі суправаджаў Лукашэнку ў яго паездках у Зімбабвэ, Кітай і Іран, піша Павел Мацукевіч.

Прыезд высокай госці з Зімбабвэ анансаваў Лукашэнка яшчэ 16 сакавіка, прымаючы з дакладам свайго спецыяльнага пасланца і куратара супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі Віктара Шэймана.

З усяго сказанага на гэтай сустрэчы выходзіла, што жонка прэзідэнта Зімбабвэ едзе пазнаёміцца з досведам Беларусі ў сферы аховы здароўя, барацьбы з мацярынскай і дзіцячай смяротнасцю і зняць пробу з беларускага дзіцячага харчавання.


Больш аніякай канкрэтыкі ў размове Лукашэнкі з Шэйманам на публіку не прагучала, усё засталося за зачыненымі дзвярыма. Лукашэнка толькі напусціў туману, у якім лёгка згубіцца — пра нейкія сумесныя з Расіяй, ААЭ і Кітаем праекты на афрыканскім кантыненце. Цалкам магчыма, усё сказанае было скалынаннем паветра, каб надаць вагі беларускім справам у Афрыцы, якія пакуль не асабліва ўражваюць.

Аднак, прынамсі, згадка ААЭ здаецца зусім невыпадковай. Падобна да таго, што гэта краіна стала перавалачнай базай для гандлю з Афрыкай і іншымі рэгіёнамі «далёкай дугі», якую вядзе набліжаны да Лукашэнкі бізнес.

Паводле звестак Белстата за першае паўгоддзе 2022 года (больш свежыя звесткі не публікуюцца), экспарт Беларусі ў ААЭ вырас у 11 разоў — да 338 млн. долараў. Гэта прыкладна як увесь тавараабарот Беларусі з краінамі Афрыкі за ўвесь 2021 год. Пры гэтым экспарт у афрыканскія краіны застаецца, мякка кажучы, сціплым і па аб'ёме, і па ахопе краін.

У Афрыцы, між іншым, больш за 50 дзяржаў, а Беларусь, як відаць са статыстыкі, экспартавала свае тавары толькі ў 11. Мабыць, толькі ў тыя, куды ступала нага Аляксандра Зінгмана — ганаровага консула Беларусі ў Зімбабвэ і героя навін пра бізнес-асяроддзе Лукашэнкі, гандаль зброяй і здабычу золата ў Афрыцы.

Зінгман «засвяціўся» на сустрэчы кіраўніка МЗС Беларусі з прэзідэнтам Кеніі ў Найробі, заняўшы на ёй месца беларускага пасла, калі меркаваць па рассадцы. Пры гэтым аб'ём беларускага экспарту ў Кенію па выніках першага паўгоддзя 2022 года дасягнуў усяго 300 тысяч долараў. У папярэднія гады, бывала, экспарт дасягаў 14 млн., а бывала, што і быў роўны нулю — як у 2011 годзе.

Магчыма, што частка беларускага экспарту ў Кенію, як і ў іншыя афрыканскія краіны, хаваецца ў экспарце ў ААЭ, забяспечваючы яго імклівы рост.


Менавіта ў ААЭ зарэгістравана кампанія «Aftrade DMCC», якая спецыялізуецца на продажах у Афрыку беларускай тэхнікі і саўладальнікам якой лічыцца Зінгман.

Летась «Aftrade DMCC» паставіла ў Кенію дзевяць трактароў, а ўжо ў гэтым з'явілася інфармацыя пра планы ўрада Кеніі закупіць у Беларусі не толькі трактары, але яшчэ і кормаўборачныя камбайны, і самазвалы. Аб'ём меркаванай здзелкі, у якой «Aftrade DMCC» выступае ў ролі дылера, цягне на некалькі соцень мільёнаў долараў. Кенійскія СМІ паднялі з гэтай нагоды шум, але ён сціх, а задумы засталіся.

Інакш складана растлумачыць прысутнасць Аляксандра Зінгмана на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі з прэзідэнтам Кеніі. Кіраўнік Кеніі паабяцаў трактарам з Беларусі вялікую будучыню ў Афрыцы, якая азначае нядрэнныя камісійныя для «Aftrade DMCC». У кенійскіх СМІ пісалі пра 5 млн. долараў, а гэта ўжо азначае нулявы кошт гучным заявам Лукашэнкі пра тое, што ўсякія пасрэднікі на беларускую прадукцыю павінны быць прыбраны.

Усякія, можа, і прыбраны, а свае, як бачым, не. Хоць сама барацьба з пасрэднікамі — такое ж глупства, як вешаць адказнасць за развіццё экспарту на амбасады і персанальна дыпламатаў.

Цікава, што пасольства Беларусі ў Кеніі адкрылася толькі ў 2018-м, пераехаўшы з эфіопскай сталіцы Адыс-Абебы, дзе зачынілася, хоць дыпламатычныя адносіны нашых краін вядуць сваю гісторыю аж з 1993-га. Акрамя Кеніі пасольства адказвае за супрацоўніцтва з Эфіопіяй, Танзаніяй, Угандай і Афрыканскім саюзам — і гэта відавочны перабор на фоне двух з паловай дыпламатаў, якія працуюць у дыпмісіі. Не лічачы Зінгмана і Шэймана, якія замыкаюць на сабе ўсю Афрыку.