БНФ не падаваў дакументы на перарэгістрацыю партыі
Выконваючы абавязкі кіраўніка Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў патлумачыў «Народнай Волі», чаму партыя не падавала дакументы на перарэгістрацыю.

Вадзім Саранчукоў, які цяпер выконвае абавязкі кіраўніка Партыі БНФ, распавёў, што 5 чэрвеня прадстаўнікі апазіцыйных партый зробяць сумесную заяву.
Нагадаем, што ў Беларусі заканчваецца падача дакументаў на перарэгістрацыю палітычных партый. Хтосьці з тых арганізацый, якія лічаць сябе апазіцыйнымі, падаваў дакументы, нехта не бачыць у гэтым сэнсу…
— Мы не падавалі дакументы на перарэгістрацыю, — кажа Вадзім Саранчукоў, які два гады таму з’ехаў з Беларусі за мяжу. — Які ў гэтым сэнс? Я ўжо неяк казаў, што нармальнай працы ў партыйных арганізацыях не магло быць ужо досыць даўна. Тым больш цяпер.
Любая актыўнасць у Беларусі не толькі не вітаецца, а губіцца на самым корані. Самыя, здаецца, законныя праявы такой актыўнасці трапляюць пад рэпрэсіі.
Таму цяпер для нас галоўнае — бяспека тых актывістаў партыі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Ні пра якую падачу спісаў сябраў партыі размова нават не ідзе.
Дарэчы, 5 чэрвеня ў Вільнюсе адбудзецца прэс-канферэнцыя, падчас якой прадстаўнікі беларускіх пакуль што зарэгістраваных апазіцыйных партый зробяць сумесную заяву з нагоды перарэгістрацыі партый.
— Партыя БНФ будзе ліквідавана?
— Ад нас тут нічога не залежыць, бо зараз адбываецца зачыстка палітычнага поля. І няма ніякіх прагнозаў, што нават пасля падачы дакументаў на перарэгістрацыю, застануцца хоць нейкія дэмакратычныя партыі. На гэты конт ілюзій няма.
— Але, напрыклад, партыя Сяргея Калякіна і “Зялёныя” ўсё-такі падалі дакументы на перарэгістрацыю…
— Агульная ацэнка сітуацыі аднолькавая і ў нашай партыі, і ў тых жа “Зялёных” ці партыі “Справядлівы свет”. Але кожны сам абірае лінію паводзін. І я не маю ні маральнага, ні этычнага права крытыкаваць ці ўхваляць ініцыятывы тых ці іншых арганізацый. Яны вырашылі падаць дакументы на перарэгістрацыю? Гэта іх права. А ў нас свая пазіцыя.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», беларускі кіраўнік падпісаў закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» 14 лютага. Гэта закон змяніў некаторыя ўмовы дзейнасці палітычных партый: так, павялічваецца мінімальны парог колькасці заснавальнікаў (чальцоў) з 1 да 5 тысяч чалавек, цяпер партыі абавязкова мусяць мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях і Мінску, а таксама не менш чым у адной траціне раёнаў кожнай з абласцей і не менш чым у адной траціне раёнаў Мінска. Міністэрства юстыцыі на працягу шасці месяцаў пасля ўступлення гэтага закона ў сілу павінна перарэгістраваць палітычныя партыі. Калі партыю не перарэгіструюць або яна сама не прыняла рашэння аб ліквідацыі, яе дзейнасць будзе спынена па рашэнні Вярхоўнага суда.