Вадзім Саранчукоў: У Беларусі — прававы «безмяжак»

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца па-за межамі Беларусі, штодня адсочвае сітуацыю з затрыманнямі і ператрусамі ў краіне.

saranczukou_2.jpg

Вадзім Саранчукоў у каментары «Радыё Рацыя» назваў сітуацыю ў Беларусі крытычнай, да таго ж, яна не мяняецца ў лепшы бок:
— Гэты прававы «безмяжак», які мы назіралі ўвесь апошні год, працягваецца. Гэта тычыцца як утрымання людзей, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні, так і тых рэпрэсій, якія кожны дзень узмацняюцца ў беларускіх гарадах. Таму я магу падкрэсліць, што сітуацыя крытычная і не мяняецца.
Паводле слоў палітыка, таксама ён адсочвае сітуацыю з кіраўніком Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым:
— Інфармацыі вельмі няшмат, таму што камунікацыя абмежаваная. Адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. І лісты, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены, якія Рыгор Кастусёў піша нам на волю, проста не даходзяць. Як і не даходзяць лісты, якія мы пішам яму туды. Нешта новае сказаць, акрамя таго, што ў яго сапраўды была праблема з анкалогіяй і што ў яго значна пагоршыўся стан здароўя за гэты час, на жаль, я не магу.
Вадзім Саранчукоў упэўнены, што змены ў Беларусі павінны здзяйсняць самі беларусы.