Ціханоўская сустрэнецца з міністрамі замежных спраў ЕС
Заўтра, 14 лістапада, Святлана Ціханоўская наведае Брусэль па запрашэнні вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і абароннай палітыцы Жазэпа Барэля.
У Брусэлі адбудзецца сустрэча з міністрамі замежных спраў краінаў Еўрасаюза ў межах пасяджэння Рады замежных спраў.
У межах сустрэчы плануецца абмеркаваць некалькі важных пытанняў. А менавіта:
- што можа зрабіць міжнародная супольнасць, каб падтрымаць беларускі народ у барацьбе за незалежнасць краіны і спыніць дзеянні рэжыму па выкарыстанні Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны;
- крокі ЕС па ўзмацненні ціску на дыктатуру і прасоўванні механізмаў адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, узмацненне ізаляцыі і непрызнання рэжыму;
- развіццё адносінаў ЕС і яго чальцоў з Аб'яднаным пераходным кабінетам міністраў Беларусі, а таксама стварэнне спецыяльных механізмаў узаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі на прыкладзе кантактнай групы ў Радзе Еўропы;
- а таксама крокі па вырашэнні міграцыйных пытанняў грамадзян Беларусі.
Апошні раз Святлана Ціханоўская сустракалася ў такім фармаце ў чэрвені 2021 года пасля захопу ўладамі рэйса Ryanair і падчас разгортвання штучнага міграцыйнага крызісу на мяжы з ЕС.