Ціханоўская просіць Еўропу заступіцца за беларускую незалежнасць
Святлана Ціханоўская заклікала міністраў замежных спраў Еўрасаюза змякчыць візавыя працэдуры для беларусаў ды падтрымаць актывістаў, валанцёраў і добраахвотнікаў ва Украіне.
Беларуская лідарка бярэ ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза па запрашэнні Жазэпа Барэля, вярхоўнага прадстаўніка па замежных адносінах ЕС. У гэтай сустрэчы прымалі ўдзел 17 міністраў краін Еўрасаюза, і амаль усе ўзялі слова і выказалі падтрымку Беларусі.
У сваім выступленні Святлана Ціханоўская заклікала змякчыць візавыя працэдуры для беларусаў, узмацніць адукацыйныя і культурныя абмены, падтрымку прыватнага бізнесу, не звязанага з рэжымам, працягнуць падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.
Таксама Ціханоўская просіць не падтрымліваць адносіны з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі, не весці перамоў за спінамі беларусаў і запрасіць Беларусь у Еўрапейскую палітычную супольнасць (праект ініцыяваны Эмануэлем Макронам), але каб Беларусь прадстаўлялі дэмакратычныя сілы, а не рэжым. Працягнуць супрацу з Беларуссю ў межах Усходняга партнёрства.
Святлана Ціханоўская прапанавала перазапусціць Маскоўскі механізм у АБСЕ ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі — стварыць місію экспертаў ці дакладчыкаў для аналізу становішча з чалавечым вымярэннем у Беларусі.
Беларуская лідарка заклікала краіны ЕС заступіцца за беларускую незалежнасць. «Мы лічым, што вайну можна скончыць хутчэй, калі расійскія войскі выйдуць і Беларусь пяройдзе да дэмакратыі. Я заклікаю ЕС дзейнічаць рашуча па вырашэнні крызісу ў Беларусі. Зараз самы час падтрымаць намаганні беларусаў па абароне незалежнасці свайго народа», — сказала Ціханоўская ў выступленні.