Еўракамісар растлумачыла наконт «шэнгену»: візавыя абмежаванні не закрануць простых беларусаў
На жыхароў Беларусі гэта не паўплывае, але да нейкіх дзеянняў адносна віз і Беларусі еўракамісар гатовая.
Днём 12 ліпеня еўракамісар Ілва Ёхансан заявіла, што Еўрасаюз можа разгледзець магчымасць прыпынення выдачы шэнгенскіх віз грамадзянам Беларусі праз крызіс з мігрантамі на літоўскай мяжы. У сваю чаргу, Святлана Ціханоўская распавяла, што яе каманда звязалася з Еўракамісіяй і інфармацыя пра прыпыненне выдачы віз беларусам не пацвердзілася.
Вечарам 12 ліпеня Ёхансан апублікавала ў Twitter удакладненне:
«Еўрасаюз гатовы разгледзець дзеянні супраць рэжыму ў
Беларусі, у тым ліку адносна віз. Гэта не паўплывае на жыхароў Беларусі, якія
і надалей будуць карыстацца пагадненнем, у тым ліку нізкай платай за візы».
У пачатковай заяве Ёхансан сказала, што
«гатовая разгледзець магчымасць прыняцця захадаў у прыпыненні выдачы віз адносна Беларусі ў гэтай сітуацыі».
Тлумачэнне Ёхансан не дае ўсіх адказаў адносна таго, якія
менавіта дзеянні адносна віз еўракамісар гатовая разглядзець, адзначае «Белсат». Аднак
ранейшыя пакеты санкцый супраць атачэння Лукашэнкі ўключалі пайменную забарону
на ўезд у ЕС для асоб, якіх назвалі адказнымі за фальсіфікацыю выбараў
і рэпрэсіі ў Беларусі.