Як Алесь Бяляцкі ў Мінску расчараваў міністра замежных спраў Чэхіі

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі 30 чэрвеня сустрэўся з міністрам замежных спраў Чэхіі Любамірам Зааралкам, які знаходзіўся ў Мінску з афіцыйным візітам. Падчас размовы Бяляцкі і Зааралэк абмеркавалі магчымасць гатоўнасці беларускіх уладаў да рэформаў.

Алесь Бяляцкі і Любамір Зааралак

Алесь Бяляцкі і Любамір Зааралак


«Гэта была сяброўская гутарка. Мінулы раз мы з Любамірам Зааралкам сустракаліся два гады таму ў Празе, адразу пасля таго, калі мяне выпусцілі з турмы. Вось і цяпер спадар міністр заклаў сімвалічны сэнс у нашу сустрэчу — я маю на ўвазе падтрымку правоў чалавека ў Беларусі. Мы мелі магчымасць абмяняцца інфармацыяй што да падзеяў у Беларусі», — паведаміў “Радыё Свабода” Алесь Бяляцкі.
Любамір Зааралэк найперш распытаў Алеся Бяляцкага, наколькі сур’ёзна, на яго меркаванне, беларускія ўлады гатовыя да структурных рэформаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.
«Мае ацэнкі былі цвярозыя і неаптымістычныя. Я не бачу сур’ёзных імкненняў, жаданняў і палітычнай волі з боку беларускіх уладаў да істотных зменаў у краіне. Яны займаюцца падмалёўкай фасаду і не болей за тое.Зрэшты, Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз пацвердзіў гэта на Усебеларускіх сходзе, калі сказаў, што будзе працягваць той палітычны курс, які ён абраў 22 гады таму, а гэта курс на ўмацаванне аўтарытарнай сыстэмы, падаўленне дэмакратычных свабод і правоў, на рэзкае абмежаванне канстытуцыйны правоў чалавека ў Беларусі», — сказаў праваабаронца.
Перад размовай з Алесем Бяляцкім чэскі дыплямат сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімерам Макеем. Алесь Бяляцкі кажа, што гутарка ў іх была пра «маленькія крокі Беларусі насустрач Еўропе»:
«Відавочна, што асабліва з Макеем гутарка вялася пра маленькія крокі Беларусі насустрач Еўропе, бо шлях да дэмакратыі доўгі. Але важна, каб гэты шлях быў рэальным перамяшчэннем, а не хаджэннем па коле, як тое адбываецца ў нас. Відавочна, што праз такія візіты еўрапейскія палітыкі спрабуюць заахвоціць беларускія ўлады да наступных крокаў у бок дэмакратычных зменаў. У першую чаргу гэта тычыцца нармальнага правядзення выбараў. Я быў вымушаны расчараваць міністра, сказаўшы, што вынікі фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій не даюць спадзеву на аптымізм. Камісіі сфармаваныя паводле старога прынцыпу і цалкам знаходзяцца пад кантролем выканаўчых уладаў. Такім чынам, можна казаць, што еўрапейскія палітыкі знаходзяцца ў даволі казытлівай сітуацыі — з аднаго боку, яны б хацелі рабіць крокі насустрач Беларусі, а з іншага — у адказ ім трэба бачыць дэмакратычныя змены з боку ўладаў Беларусі, але гэтага не адбываецца.
Беларускія ўлады з ахвотай сустракаюцца з еўрапейскімі чыноўнікамі. Гэта гаворыць пра тое, што цяжкае эканамічнае становішча і няпростае геапалітычнае становішча прымушаюць беларускія ўлады шукаць у краінах ЕС калі не надзейнага партнёра, то прынамсі магчымасці абаперціся на ЕС падчас размоваў з пагрозлівым усходнім суседам».
Алесь Бяляцкі падзякаваў міністру замежных спраў за тое, што Чэхія паслядоўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць Беларусі:

«Можна казаць пра паслядоўную пазіцыю чэскага ўраду што да падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Гэтая падтрымка мае глыбокі гістарычныя традыцыі з 20–30-х гадоў XX стагоддзя, калі чэхі падтрымлівалі беларускіх студэнтаў і беларускую дэмакратычную эміграцыю з Заходняй Беларусі».
Падчас сустрэчы Любаміра Зааралка з лідарамі апазіцыі гутарка вялася пра будучыя парляаменцкія выбары.
На сустрэчы прысутнічалі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідар руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, былы кандыдат у прэзыдэнты Уладзімір Някляеў, сустаршыня БХД Павал Севярынец і лідарка кампаніі «Гавары праўду!» Таццяна Караткевіч.
Як расказаў “Свабодзе” Анатоль Лябедзька, гаварылі пра рызыкі і пагрозы, якія ўтрымліваюцца ў новай еўрапейскай палітыцы што да Беларусі.
«Мы сышліся на самым галоўным: ключ да пераменаў у Беларусі — гэта свабодныя і сумленныя выбары паводле стандартаў АБСЕ. Ці можна гэтага дасягнуць? Безумоўна, можна, таму што гэтаму спрыяе эканамічная сытуацыя, і калі б усе еўрапейскія і амерыканскія палітыкі, якія прыязджаюць у Беларусь, пачыналі свае сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных структур менавіта з гэтага пытання, гэта магло б спрацаваць, як спрацавала з вызваленнем палітычных вязняў».
Анатоль Лябедзька адзначае, што міністр Зааралэк гаварыў пра «асцярожны аптымізм што да Беларусі»:
«Ён казаў, што трэба даць шанец беларускім уладам. Але ён не перакананы, што з гэтага нешта атрымаецца».
www.svaboda.org