Кісляк: выбаркамы былі сфармаваныя непразрыста

Брэсцкі абласны суд адмовіўся скасаваць вынікі фармавання трох выбаркамаў у рэгіёне па скарзе Руху «За Свабоду». У судзе высветлілася, што адбор кандыдатаў адбываўся на працоўных групах, а не на агульным пасяджэнні прэзідыумаў аблвыканкама і савета дэпутатаў.

Раман Кісляк

Раман Кісляк


Пры фармаванні трох выбаркамаў Брэсцкай вобласці не былі ўлічаныя прапанаваныя кандыдатуры ад Руху «За Свабоду», хаця дакументы прыйшлі своечасова. Арганізацыя звярнулася 29 чэрвеня ў суд з патрабаваннем адмяніць вынікі фармавання камісіяў.
«У скарзе адмовілі. Па іх словах, прозвішчы сябраў Руху "За Свабоду" не агучваліся на сумесным пасяджэнні, бо быццам бы іх папярэдне разгледзелі працоўныя групы», — заявіў сайту Pyx.by юрыст, сябра Руху «За Свабоду» Раман Кісляк, які прадстаўляў арганізацыю ў судзе.
Безумоўна, гэтая працэдура абрання выбарчых камісіяў — абсалютна непразрыстая, кажа Кісляк.

«Атрымліваецца, што камісіі фармуюцца па-за межамі сумеснага пасяджэння аблвыканкама і савета дэпутатаў, а на рабочых групах. А рабочыя групы фармуе аднаасобна старшыня аблвыканкаму без удзелу Савета дэпутатаў»,

— патлумачыў Кісляк.
Гэта, па ягоных словах, грубае парушэнне правоў выбаршчыкаў абіраць і быць абранымі на сапраўдных выбарах. «Былі парушаныя палітычныя правы сябраў нашага аб’яднання», — дадаў юрыст.
Па ягоных словах, рашэнне суда абскардзіць немагчыма, у арганізацыі ёсць план далейшых дзеянняў, але ён будзе названы пазней.
pyx.by