Канфлікт Расіі і NATO магчымы — за спінай Лукашэнкі?

Калі Пуцін усё-ткі наважыцца выпрабаваць сіл і магчымасці NATO, цалкам магчыма, што ў гэтым будзе задзейнічана Беларусь. І Лукашэнка з гэтым нічога не зробіць.

_belarus_armija_vojska_vajna_zbroja_2023_fota_novy_czas__4__logo.jpg

Ваенная выведка Даніі мяркуе, што ў 2024 годзе Расія можа наважыцца на рознага кшталту ваенныя акцыі супраць краін NATO. Асноўнай арэнай супрацьстаяння меркавана стане Балтыйскі рэгіён. Пастаянна нарастаючая залежнасць ад Крамля і геаграфічнае становішча Беларусі робяць яе важным элементам палітычнай гульні Масквы і павялічваюць верагоднасць ўцягвання Мінска ў ваенны канфлікт сусветнага маштабу, піша Аляксандр Фрыдман для «Позірку».

З пачатку 2024 года ў еўрапейскіх выданнях рэгулярна публікуюцца розныя сцэнары развіцця канфлікту паміж Расійскай Федэрацыяй і NATO. Гэтыя прагнозы, як правіла, не адрозніваюцца аптымізмам, а далейшае абвастрэнне сітуацыі лічыцца базавым сцэнаром. Не выключаецца і прамое ваеннае сутыкненне ў выніку нападу Расіі на Польшчу ці краіны Балтыі.

Дацкая выведка дакладвае

Алармісцкія публікацыі грунтуюцца галоўным чынам на аналітычных выкладках ваенных выведак краін NATO, а заявы кіраўнікоў еўрапейскіх абаронных устаноў і высокапастаўленых вайскоўцаў надаюць гэтым матэрыялам дадатковую вагу.

У заходняй экспертнай супольнасці падобныя сцэнары эскалацыі ўспрымаюцца, аднак, вельмі неадназначна. Калі шэраг экспертаў мяркуе, што да іх варта ставіцца сур'ёзна, то іншыя аўтары акцэнтуюць увагу на недастатковым ваенным патэнцыяле Расіі. А таксама абвінавачваюць выведкі, вайскоўцаў, палітыкаў і прэсу ў тым, што тыя распаўсюджваюць панічныя настроі, жадаючы стварыць фон для далейшай ваеннай падтрымкі Украіны і маштабных інвестыцый у развіццё ўласнага ваенна-прамысловага комплексу.

Такога пункту гледжання прытрымліваецца, у прыватнасці, нямецкі ваенны эксперт, палкоўнік бундэсвера ў адстаўцы Ральф Тыле (Ralph Thiele). Ён раскрытыкаваў аналітычную справаздачу службы ваеннай выведкі Даніі FE (Forsvarets Efterretningstjeneste), якая была падрыхтавана яшчэ ў снежні 2023 года, але толькі на пачатку лютага трапіла ў поле зроку дацкай, а затым і іншай еўрапейскай прэсы.


Глядзіце таксама

Дадатковая ўвага да справаздачы звязаная і з заявамі міністра абароны Даніі Троэльса Лунда Поўльсэна, які не выключыў агрэсію Расіі супраць чальцоў NATO ўжо ў найбліжэйшыя гады.

Метад Крамля — правакацыі

Ад іншых еўрапейскіх публікацый «дацкі сцэнар» адрозніваецца, аднак, стрыманасцю і падкрэсленай асцярожнасцю ў ацэнках. Эксперты FE не сумняваюцца, што канфрантацыя Расіі і NATO будзе мець доўгатэрміновы характар і што пры Уладзіміры Пуціне (яго перамога на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах не ставіцца пад пытанне) паляпшэння адносін і новай разрадкі чакаць не варта.

Пры гэтым у Капенгагене мяркуюць, што Крэмль хоць і гатовы ў будучыні выкарыстоўваць вайсковую сілу для прасоўвання сваіх інтарэсаў на постсавецкай прасторы, але ўсё-ткі пакуль імкнецца пазбегнуць прамога сутыкнення з NATO, не хоча правакаваць альянс на ўжыванне пятага артыкула Паўночнаатлантычнай дамовы («Калектыўная абарона»).

На думку дацкай выведкі, Расія найбліжэйшым часам зробіць хутчэй стаўку на лакальныя «ваенныя аперацыі», правядзенне якіх ацэньваецца як «вельмі імавернае». Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра тыповыя для Крамля метады: парушэнні межаў ваеннымі самалётамі і судамі, канцэнтрацыі войскаў на мяжы і гэтак далей.


Глядзіце таксама

А якая роля можа быць адведзена пры гэтым сцэнары Беларусі? І якія наступствы ў выпадку яго рэалізацыі могуць чакаць рэжым Аляксандра Лукашэнкі?

Самастойнасць Беларусі пад пытаннем

Тэма Расіі праходзіць чырвонай ніткай праз справаздачу FE, а вось Беларусі нададзена мінімальная ўвага. Яна згадваецца ў якасці члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, у сувязі з міграцыйным крызісам 2021 года і размяшчэннем расійскай тактычнай ядзернай зброі ў 2023 годзе.

Паўтарэнне міграцыйнай авантуры 2021 года дацкія эксперты ў бліжэйшы час лічаць малаверагодным. Яны тлумачаць сваю ацэнку і без таго складанай сітуацыяй на межах Беларусі ў кантэксце вайны ва Украіне.

Падкрэсліваецца, што расійская ядзерная зброя ў Беларусі толькі абмежавана ўплывае на бяспеку ў Балтыйскім рэгіёне, паколькі ў Калінінградскай вобласці ўжо размешчаныя ракеты з ядзернымі боегалоўкамі. Перамяшчэнне ядзернай зброі РФ у Беларусь ацэньваецца як палітычнае рашэнне, якое ўзмацняе залежнасць Мінска ад Масквы і прынятае з мэтай стрымлівання Захаду. Калі ў сітуацыі з міграцыйным крызісам беларускія ўлады паўстаюць у справаздачы ўсё-ткі ў якасці самастойнага актара, то ў выпадку ядзернай зброі гаворка ідзе перш за ўсё пра расійскі праект.

Такая ацэнка, якая лішні раз падкрэслівае залежнасць ад Расіі, напэўна кранае амбіцыі беларускіх уладаў. Развагі пра эскалацыю ў Балтыйскім рэгіёне, трэба думаць, таксама непрыемныя Лукашэнку. Да таго ж, ацэнкі FE фактычна замоўчваюцца расійскімі СМІ. Усім гэтым, напэўна, і можна растлумачыць адсутнасць рэакцыі на дацкую аналітыку ў беларускай дзяржаўнай прапагандзе.


Глядзіце таксама

Масква прывыкла заграбаць жар чужымі рукамі

Усе згаданыя датчанамі варыянты абвастрэння сітуацыі ў рэгіёне так ці інакш звязаныя з Беларуссю. Менавіта яе тэрыторыя можа быць выкарыстана для ўварвання ў паветраную прастору Літвы, Латвіі ці Польшчы (падобныя выпадкі ўжо мелі месца ў 2023 годзе).

Калі Расія наважыцца сканцэнтраваць войскі на межах з альянсам, то падраздзяленні будуць адпраўленыя і ў Беларусь. А здагадка экспертаў пра тое, што Расія паспрабуе прамацаць і справакаваць альянс, але пастараецца не давесці справу да калектыўнага адказу NATO, павялічвае небяспеку менавіта для Беларусі.

Дзеянні за спінай тых ці іншых залежных сіл, фігур, выкарыстанне рознага роду проксі для бруднай працы — такі метад даўно стаў фірмовым стылем Крамля і апрабаваны, у прыватнасці, ва Украіне пачынаючы з 2014 года. Дзейнічаючы з Беларусі або з выкарыстаннем беларускіх Узброеных сіл, Масква зможа ўразіць NATO і ў той жа час крыху знізіць рызыку прамога супрацьстаяння з ім.

Меркаваныя FE «ваенныя аперацыі» Масквы хоць і выглядаюць гульнёй з агнём, але наўрад ці справакуюць ваенны канфлікт паміж Расіяй і NATO. Яны, верагодна, не зробяць Беларусь арэнай ваенных дзеянняў, але і без наступстваў не застануцца. Адказам Захаду можа стаць узмацненне жорсткасці санкцый і закрыццё (часовае або пастаяннае) межаў з Беларуссю.

Падобнае развіццё падзей не адпавядае інтарэсам рэжыму Лукашэнкі, і з гэтай прычыны беларускія ўлады зробяць усё, каб не дапусціць такога варыянту. Іх поле для манеўру, аднак, звужана да мяжы. Лукашэнку, па вялікім рахунку, даводзіцца здавольвацца роляй пешкі ў чужой гульні.