Кіраўнік сената Польшчы сустрэнецца ў Мінску з Лукашэнкам і апазіцыяй

Старшыня польскага сената Станіслаў Карчэўскі на чале дэлегацыі наведае 5 — 6 снежня Беларусь.

Станіслаў Карчэўскі, фота radiopolsha.pl

Станіслаў Карчэўскі, фота radiopolsha.pl


Пра гэта паведаміла БелаПАН 3 снежня амбасада Польшчы.
У склад дэлегацыі ўваходзяць сенатары Яніна Сагатоўска, Станіслаў Гогач, Анджэй Місёлек, Лешэк Пяхота і дэпутат Адам Андрушкевіч — сустаршыня Польска-беларускай парламенцкай групы.
Станіслаў Карчэўскі сустрэнецца ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком Cавета рэспублікі Міхаілам Мясніковічам, а таксама з старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.
Спікер сената Польшчы абмяркуе з беларускімі палітыкамі парламенцкае, рэгіянальнае супрацоўніцтва, пытанні малога прымежнага руху, эканамічнае супрацоўніцтва і развіццё ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі. Ён закране таксама тэму палякаў, якія жывуць у краіне, і абмяркуе магчымасць заканчэння спрэчак вакол Саюза палякаў у Беларусі, адзначаюць у амбасадзе.
Паводле інфармацыі амбасады, у ходзе візіту пройдзе сустрэча з палякамі, якія жывуць у Беларусі, а таксама з прадстаўнікамі апазіцыі.
Акрамя таго, на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта польская дэлегацыя сустрэнецца са студэнтамі і выкладчыкамі.
Польскія сенатары наведаюць РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.
Дэлегацыя ўшануе памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, брацкія магілы якіх знаходзяцца ў Курапатах, на ўскраіне Мінска.