Ліцэнзіі пазбаўлены Аляксандр Пыльчанка — адвакат Бабарыкі і Калеснікавай
Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі пастанавіла пазбавіць ліцэнзіі адваката Аляксандра Пыльчанку. Ён абараняе інтарэсы палітвязняў Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай, паведамляе «Еўрарадыё».

Аляксандр Пыльчанка (у цэнтры). Фота Еўрарадыё
Пыльчанка быў чальцом Мінскай гарадской калегі адвакатаў 30 гадоў.
Каментуючы пастанову камісіі, ён дадаў, што заўтра адвакацкая калегія павінна прыняць рашэнне, з якой даты яго адвакацкая ліцэнзія перастане дзейнічаць.
Раней Пыльчанка казаў, што нагодай для пазбаўлення ліцэнзіі стаў яго каментар TUT.by, дзе ён абураўся падзеямі 9-12 жніўня і выказваў сваё меркаванне, што можа ў такіх умовах рабіць Генпракуратура.
Дарэчы, сёння была пазбаўленая ліцэнзіі і адвакатка Юлія Леванчук, якая абараняе інтарэсы Максіма Харошына — збітага ўладальніка кветкавай крамы.