Лукашэнка ў Белградзе: славянскае брацтва манетызуецца дрэнна

Запрашэнне наведаць Сербію Лукашэнка атрымаў яшчэ ў сакавіку 2018-га, але сабраўся толькі цяпер.

vizit.jpg

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візітам знаходзіцца ў Сербіі. Мінск і Бялград ужо не раз абменьваліся візітамі на вышэйшым узроўні, але насуперак гучным дэкларацыям пад лозунгамі славянскага братэрства, беларуска-сербскія адносіны цяжка назваць па-сапраўднаму эфектыўнымі.
У папярэдні раз Лукашэнка і прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч сустракаліся ў канцы чэрвеня ў Мінску, куды сербскі лідар прыляцеў у якасці віп-госця цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў. І хоць той візіт усім запомніўся скандалам — Вучыч адмовіўся ісці на цырымонію адкрыцця, бо на ёй прысутнічаў прэзідэнт Косава, на адносінах паміж краінамі гэта не адбілася.
Як раней заяўляў Лукашэнка, у Беларусі і Сербіі праблем «практычна ніякіх няма. Мы прытрымліваемся аднолькавых поглядаў на міжнародны парадак».
Але ці сапраўды гэтыя погляды аднолькавыя?

Сербія шчыльна кантактуе з НАТО і нацэлілася на ЕС

Узяць адносіны з НАТО. Калі ўспомніць бамбаванні Сербіі, што адбываліся ў 1999, то быццам бы сапраўды ёсць падставы меркаваць, што крытычныя падыходы Мінска і Белграда да Паўночнаатлантычнага альянсу сугучныя.
Аднак на справе агульным пунктам з’яўляецца, па сутнасці, толькі адсутнасць намеру ўступіць у альянс. Пры гэтым ужо ў 2006 годзе Сербія падпісала з НАТО дагавор аб ваенным супрацоўніцтве, а ў 2014-м узгадніла план індывідуальнага партнёрства. Яшчэ праз год уступіла ў сілу сакрэтнае пагадненне Status of Forces Agreement, якое зрабіла Сербію дэ-факта членам альянсу з абавязацельствамі, але без правоў.
Нарэшце, 19 лютага 2016 года тагачасны прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч (між іншым, у мінулым заўзяты прыхільнік ідэі славянскага адзінства) падпісаў пагадненне, згодна з якім прадстаўнікі НАТО атрымалі спецыяльны дыпламатычны імунітэт і свабоду перамяшчэння па тэрыторыі краіны, а таксама доступ да сербскіх ваенных аб’ектаў.
Даволі цяжка выявіць блізкасць пазіцый і ў дачыненні да Еўрапейскага саюза. У Беларусі з ім няма нават стандартнага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве, тады як Сербія ўжо амаль дзесяць гадоў мае з ЕС бязвізавы рэжым, сем гадоў — афіцыйны статус краіны-кандыдата на ўступленне і вядзе адпаведныя перамовы. Прагназуецца, што Сербія можа стаць часткай аб’яднанай Еўропы да 2025 года.
Такім чынам, хоць у апошні час беларускае кіраўніцтва таксама спрабуе нармалізаваць (даволі-такі ўмоўна і абмежавана) свае ўзаемаадносіны з Паўночнаатлантычным альянсам і ЕС, казаць аб адзінстве знешнепалітычных арыенціраў і памкненняў Беларусі і Сербіі не зусім карэктна.
А вось падабенства пазіцый нечакана выявілася ў пытанні аб Крыме. Пры пастаяннай рыторыцы пра братэрства і вечнае сяброўства з Масквой ні Мінск, ні Бялград, хай па розных меркаваннях, не прызналі акупацыю паўвострава.

Гандаль упаў

Натуральна, адным з галоўным пытанняў на сустрэчах лідараў дзвюх краін з’яўляецца эканамічны складнік узаемаадносін. Тым больш што на гэтым напрамку сітуацыя складваецца таксама не вельмі добра.
Пасля дастаткова паспяховага 2017 года, калі ўзаемны тавараабарот вырас больш чым у два разы і склаў амаль 240 млн даляраў пры станоўчым для нашай краіны сальда ў 46,2 млн, у 2018 годзе гэтыя паказчыкі моцна ўпалі. Аб’ём тавараабароту скараціўся да 148 млн долараў, або на 38,2%, а сальда — да 21 млн. Гэта стала другім горшым вынікам за апошнія пяць гадоў (у 2016 годзе было 114 млн, а сальда наогул адмоўным — мінус 33 млн).
Нейкім суцяшэннем можа служыць той факт, што экспарт без уліку нафты, нафтапрадуктаў, угнаенняў і газападобных вуглевадародаў вырас на 74,5% — да 79,5 млн долараў. Але пры гэтым агульнае падзенне падкрэслівае, наколькі залежны знешні гандаль Беларусі ад сыравіны. А пры цяперашнім ускладненні адносін з Расіяй сітуацыя можа пагоршыцца.
У студзені-верасні 2019 года тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй знізіўся на 1,6% да 110,6 млн долараў, у тым ліку экспарт знізіўся на 9,8% да 61,4 млн, імпарт вырас на 11,1% да 49, 2 млн. Станоўчае для Беларусі сальда склала 12,2 млн долараў.
Разам з тым з беларускага боку неаднаразова гучаў заклік выйсці ў бліжэйшы час на паўмільярдны ўзровень тавараабароту.
Не выклікаюць аптымізму і сербскія інвестыцыі. Кампанія Dana Holdings, што належыць сербскім братам Багалюбу і Драгаміру Карыч,  рэалізуе ў беларускай сталіцы шэраг буйных шматмільённых праектаў, аднак у гэтых інвестыцый вельмі вялікі палітычная складнік.
На гэтым не занадта ўражлівым фоне больш ці менш пазітыўна выглядае ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.
Напрыклад, у гэтым годзе Беларусь перадала Сербіі чатыры знішчальнікі МіГ-29. Аднак гэта не зусім дабрачыннасць. Сербія аплаціць па «братэрскай» цане рамонт і мадэрнізацыю гэтых самалётаў на авіярамонтным заводзе ў Баранавічах.
У той жа час сумнеўна, што ў Бялграда доўга будзе захоўвацца патрэба ў здзелках, якія тычацца выкарыстання старой савецкай ваеннай тэхнікі.
Мяркуючы па ўсім, намацваць «пытанні, якія нададуць дадатковы імпульс нашаму супрацоўніцтву», да чаго заклікаў Лукашэнка на адной з апошніх сустрэч з Вучычам, не вельмі проста. Мабыць, гэтым і тлумачыцца затрымка з выкарыстаннем запрашэння ў Сербію, атрыманага беларускім лідарам яшчэ ў сакавіку 2018 года.
Паводле naviny.by