Мінгарвыканкам не даў падарунку Някляеву на 70-годдзе

Мінгарвыканкам адмовіў паэту Уладзіміру Някляеву ў правядзенні чытанняў, прымеркаваных да яго юбілею, у скверы імя Янкі Купалы.

nfekl.jpg


9 ліпеня Уладзіміру Някляеву споўніцца 70 гадоў. «У заяўцы я напісаў пра даўнюю традыцыю літаратурных чытанняў ля помніка Янку Купалу, — паведаміў паэт БелаПАН. — Там чыталі свае вершы ў юбілейныя дні Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, маладыя паэты. Традыцыі літаратурных чытанняў існуюць ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах. І цяпер мяне з нагоды юбілею запрашаюць у Хельсінкі і Стакгольм, Нью-Ёрк, Вільнюс і Варшаву. А вось у родным горадзе я госць непажаданы. Спачатку мне перашкаджалі выдаваць вершы, цяпер забараняюць іх чытаць».
Някляеў, паводле яго слоў, спрабаваў знайсці залу для прэзентацыі новай кнігі «Толькі вершы», выдадзенай да юбілею, аднак паўсюль пасля «кансультацый з адміністрацыяй» адмовілі. «Нават у Доме літаратара, у доме Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе я калісьці быў старшынёй», — дадаў ён.
«Пасля Плошчы 2010 года, пасля збіцця, бальніцы, пасля турмы я меркаваў, што ведаю пра цяперашнюю беларускую ўладу ўсё. Аказалася — не. Такой дробязнай помслівасці я не чакаў. Гэта адкрыта выяўленае прыніжэнне, — заявіў Някляеў. — Таму я прыйду 11 ліпеня у 19.00 у Купалаўскі сквер да помніка Янку Купалу, да якога прыходзіў заўсёды. І буду, як заўсёды, чытаць вершы. Калі слухаць мяне прыйдзе толькі адзін чалавек, я буду чытаць вершы гэтаму аднаму чалавеку».