«Мы за адзінага кандыдата, ім можа быць хто заўгодна»

Лідары «Народнага рэферэндуму» распавялі пра вынікі летняй працы з насельніцтвам, планах на восень і 2015 год.



adziny.jpg

Мілінкевіч: пытанні на «Народны рэферэндум» будуць сфармуляваныя ў кастрычніку

– Перамены – ключавое слова, калі размаўляеш з людзьмі, – адзначыў лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. – Як высветлілася, тэмы, якія сапраўды хвалююць людзей, часта супадаюць незалежна ад таго, малы горад ці вялікі, на захадзе ці на ўсходзе Беларусі. Гэта ахова здароўя, праблемы адукацыі, пенсійнае забеспячэнне, неэфектыўная эканоміка. Вельмі часта паўставала пытанне пра тое, што трэба абіраць мясцовую народную уладу. Таму я не рызыкну сцвярджаць, што грамадства пасіўнае і палітычна неадукаванае.
Паводле словаў Аляксандра Мілінкевіча, пытанні на «Народны рэферэндум» будуць сфармуляваныя ў кастрычніку.
– Мы верым, што ідэя рэферэндума дадасць грамадству аптымізму.

 

Янукевіч: да канца года трэба сабраць 500 тысяч подпісаў


Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што да канца года мусяць быць сабраныя неабходныя 500 тысяч подпісаў для ініцыявання «Народнага рэферэндума».
– Графік працы на восень абяцае быць больш насычаным, мы будзем працаваць над канкрэтнымі фармулёўкамі пытанняў, якія прагучаць на «Народным рэферэндуме». Канчатковае рашэнне па вылучэнні пяці пытанняў будзе прымаць грамадская рада, – распавёў палітык. – Людзі жадаюць, каб нейкія адказныя рашэнні, такія як будаўніцтва АЭС, Кітайска-беларускага тэхнапарку, размяшчэнне вайсковай базы Расіі, вырашаліся шляхам кансультацый з грамадствам.
Аляксей Янукевіч распавёў пра намер удзельнікаў «Народнага рэферэндума» ісці на мясцовыя выбары агульным спісам і пра адкрытасць да супрацы з іншымі ініцыятывамі.

Вештард: сабраць неабходную колькасць подпісаў будзе нескладана


Лідар БСДП (Грамада) Ірына Вештард адзначыла, што, на яе думку, сабраць неабходную колькасць подпісаў будзе нескладана.
– Можна сказаць, што зараз перад журналістамі сядзяць гэтыя 500 тысяч подпісаў. Гэта кандыдат ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў і Аляксей Янукевіч, які дапамагаў Рыгору Кастусёву. Гэта Аляксандр Мілінкевіч, які быў кандыдатам на выбарах 2006 года, – падкрэсліла Ірына Вештард.
Палітык адзначыла, што не бачыць перашкодаў аб’яднання высілкаў «Народнага рэферэндума» і кааліцыі «За справядлівыя выбары для лепшага жыцця».
– Нашыя ініцыятывы могуць дапаўняць адзін аднаго, але спачатку трэба давесці пачатую працу да канца. Безумоўна, мы ўсе зацікаўлены, каб ад апазіцыі быў адзіны кандыдат, каб яго падтрымала насельніцтва, таму я пераканана што і «Народны рэферэндум», і магчымая супраца – прадвеснікі таго, што мы зможам знайсці паразуменне і прыйсці да выбараў разам.

 

Някляеў: мы за адзінага


Лідар грамадскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў адзначыў, што выбары 2015 года вызначаль лёс Беларусі ў вельмі далёкай перспектыве.
– Год назад я публічна заяўляў, што мы выходзім з абмеркавання адзінага кандыдата. Зараз я кажу – мы за адзінага, ім можа быць хто заўгодна, але за гэтым кандыдатам павінна быць большасць. На гэтыя выбары ўсе глядзяць з вялікім песімізмам. Але 2015 год – важная веха, якую мы не павінны прапусціць. Наперадзе падпісанне дамовы пра Еўразійскі звяз. Дамова, якой прагне Расія і якой не вельмі хочуць тыя падпісанты, якіх туды цягнуць. Таму нам трэба мець такую сілу, з якой астатнія ўдзельнікі палітычнага працэсу будуць лічыцца, – адзначыў палітык.
«Народны рэферэндум», на думку Уладзіміра Някляева дапамагае зірнуць на грамадства не з інтэрнэту, а з рэальнага жыцця.
– Нам кажуць, што ўлады не дадуць правесці «Народны рэферэндум». А «справядлівыя выбары» вам дадуць правесці? Трэба намагацца рабіць і тое, і гэта.
Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што нават калі сабраныя подпісы будуць прызнаныя ўладай несапраўднымі, праца «Народнага рэферэндума» будзе працягвацца.
– Калі нам не дадуць правесці рэферэндум, сфармуляваныя пытанні аўтаматычна перайдуць у русла прэзідэнцкай кампаніі, – падсумаваў палітык.

gazetaby.com