МЗС Літвы: Беларусь усё больш аддаляецца ад стандартаў дэмакратыі
У замежнапалітычным ведамстве Літвы адзначаюць, што «цяперашнія здарэнні паказваюць: Беларусь усё больш аддаляецца ад стандартаў дэмакратыі», — паведамляе «Свабода».
Апошнія падзеі падчас перадвыбарнай кампаніі ў Беларусі выклікаюць «велізарную занепакоенасць», заявіла 15 ліпеня Міністэрства замежных справаў Літвы.
Гэтыя падзеі — «селектыўная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, новая хваля рэпрэсій супраць грамадзянскай грамадскасці, апазіцыі, палітычных апанентаў і кандыдатаў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і блогераў, затрыманне соцень людзей».
«Цяперашнія здарэнні паказваюць, што Беларусь усё больш аддаляецца ад стандартаў дэмакратыі», — лічаць у замежнапалітычным ведамстве.
«Мы заклікаем кіраўніцтва Беларусі забяспечыць канкурэнтаздольную перадвыбарчую сераду, бяспечныя, свабодныя і добрасумленныя выбары, адпусціць усіх затрыманых і забяспечыць асноўныя свабоды і правы чалавека, — гаворыцца ў заяве. — Працяг палітычна абгрунтаваных рэпрэсій, магчымы рост колькасці новых палітычных зняволеных будуць мець наступствы для далейшых стасункаў Еўрапейскага звязу і Беларусі».
У той жа час «мірныя, свабодныя і добрасумленныя прэзідэнцкія выбары заахвоцілі б дэмакратычнае развіццё Беларусі, умацавалі яе суверэнітэт і незалежнасць».
Літоўскі МЗС закрануў таксама тэму Астравецкай АЭС:
«Кіраўніцтва Беларусі шмат разоў публічна выказвала гатоўнасць рэалізоўваць усе рэкамендацыі міжнародных органаў, а таксама пацвярджала сваю згоду з нагоды міжнароднага перагляду Нацыянальнага плану дзеянняў у рэалізацыі рэкамендацый стрэс-тэстаў ЕС, аднак да гэтага часу рэальнага прагрэсу ў гэтай сферы няма.
Мы заклікаем Беларусь да супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам у сферы ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя адносна праекту атамнай электрастанцыі на астравецкай пляцоўцы і не пачынаць паспешлівую эксплуатацыю атамнай электрастанцыі, а накіраваць намаганні ўсіх беларускіх органаў на рэалізацыю патрабаванняў ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя».
Акрамя таго, Літва «як найбліжэйшая суседка Беларусі» «з непакоем» назірае за сітуацыяй з пандэміяй COVID-19 у краіне і дала ёй «адпаведную гуманітарную дапамогу» (7 ліпеня на 50 тысяч долараў ЗША — 16 800 л дэзінфекцыйнай вадкасці і 8 400 аднаразовых халатаў).
«Мы зацікаўленыя ў развіцці добрасуседскіх стасункаў з Беларуссю, заснаваных на ўзаемнай павазе і даверы. Аднак гэта залежыць таксама ад волі і дзеянняў суседняй краіны», — падкрэсліваецца ў заяве.