Праваднікі «русского мира». Частка 3
Расія выкарыстоўвае прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя, сеціва медыяструктур для вядзення прапаганды, здзяйснення поўнамаштабнай інфармацыйнай вайны і аперацый уплыву ў суседніх з ёю краінах, і перадусім у Беларусі.
Беларусь у прыцэле
Значная актывізацыя дзейнасці медыяклубу «Формат-А3» адбылася ў 2015 годзе, калі аб’ектам гэтага інструменту расійскага ўплыву стала Беларусь. Першае мерапрыемства клубу ў нашай краіне адбылося ў верасні 2015 года ў Мінску, а ўжо з наступнага, 2016-га, па колькасці мерапрыемстваў Беларусь ператварылася ў асноўны аб’ект уздзеяння.
Кадр з фільму Канстанціна Сёміна, у якім фігуруе баявік акупацыйных войскаў РФ
Толькі ў Беларусі дзейнасць «Формат-А3» набыла такі маштаб, што наўпрост стварыла пагрозы для нацыяльнальнай бяспекі. За пяць гадоў дзейнасці клуб правёў у нашай краіне амаль 90 мерапрыемстваў, якія наведалі тысячы чалавек. Шматлікія журналісты дзяржаўных выданняў непасрэдна заангажаваныя ў дзейнасць клубу, а таксама ў афіляваныя з ім супольнасць «Друзья-Сябры», школу журналістыкі «Мастерская BY-RU» і так званы «Клуб главных редактаров». У нашай краіне прапагандысцкая медыяструктура Расіі атрымала поўны доступ да студэнцкіх аўдыторый у Мінску і Гродна, заручылася лаяльнасцю дзяржаўнага ідэалагічнага апарату. Апроч гэтага, «Формат-А3» з’яўляецца адным з арганізатараў у Беларусі Фэсту дакументальнага кіно «Евразия.DOC» — яшчэ аднаго сродку з цэлага арсеналу аперацый уплыву расійскай імперыякратыі.
Калі ў краінах Балтыі аперацыі ўплыву з дапамогай сеціва медыяклубаў РФ былі скіраваныя на пашырэнне расійскіх наратываў пра нібыта прыхільнасць нацыянальных элітаў да нацызму, дыскрымінацыю рускамоўнага насельніцтва, а таксама навязванне меркавання пра failed state гэтых дзяржаў, то ў Беларусі магістральным кірункам ёсць кансервацыя краіны ў сацыяльнай, культурніцкай і гуманітарнай прасторы Расіі.
Прадстаўніком медыяклубу «Формат-А3» у Беларусі з’яўляецца журналістка Алена Елавік. Яна здзяйсняе своеасаблівае ментарства на большасці публічных мерапрыемстваў клубу.
Алена Мікалаеўна Елавік (Кукарэка) нарадзілася ў лістападзе 1966 года ў Мінску. У 1989 годзе скончыла журналісцкі факультэт БДУ. Кандыдатка філалагічных навук, дацэнтка.
З 1995 года працуе ў штотыднёвіку «7 дней» інфармацыйнага агенцтва «БЕЛТА» (за савецкім часам — структура ТАСС), рэдактарка аддзелу творчых праектаў. Вядзе аўтарскую калонку на інфармацыйным рэсурсе гэтага агенцтва, дзе адзначылася гнеўным філіпікам на тэму «маршаў недармаедаў», у якім была размешчаная несапраўдная інфармацыя;- агітацыяй за савецкую школу; маралізацыяй святкавання даты бальшавіцкага перавароту і панегірыкамі кіраўніку Беларусі. Сістэма дзяржпрапаганды высока шануе яе заслугі: Елавік атрымала ўзнагароды ад Міністэрства інфармацыі і нават ганаровую грамату ад Адміністрацыі прэзідэнта.
Елавік — адна з сонму дзяржаўных прапагандыстаў, якая выкарыстоўвае ў сваіх матэрыялах жаргонную, ледзьве не абсцэнную лексіку. Пры гэтым яна стала пераможцам конкурсу Мінінфармцыі «Залатая Літара» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі».
Елавік таксама выкладала дысцыпліны «журналісцкае майстэрства» і «аўтарская журналістыка» ў Інстытуце журналістыкі БДУ. На інфармацыйным рэсурсе ўніверсітэта пададзеная інфармацыя, што яна была першым намеснікам галоўнага рэдактара РУП «Рэдакцыя газеты “Медыцынскі веснік”».
Прапагандыстка з’яўляецца сустаршынёй супольнасці журналістаў Расіі і Беларусі «Друзья-Сябры» (2016) — еўразійскага інтэграцыйнага праекту расійскай імперыякратыі. Гэты праект непасрэдна афіляваны з медыяклубам «Формат-А3». Паказальна, што назва сайту гэтай супольнасці зарэестравана з кірылічным даменам «.рф», а яго кантэнт мала чым розніцца ад зместу сеціва дэструктыўных (пра)расійскіх рэсурсаў, што дзейнічаюць у медыйнай прасторы Беларусі ў якасці сродкаў інфармацыйнай вайны Расіі.
Елавік таксама — адна з арганізатарак школы для маладых журналістаў «Мастерская BY-RU», якая функцыянуе з 2017 года пры супольнасці «Друзья-Сябры». Установа здзейсніла ўжо тры выпускі навучэнцаў з усёй Беларусі. Арганізаваная яна перадусім для студэнтаў першых курсаў журналісцкіх факультэтаў, якія ў межах навучальнага працэсу трапляюць пад моцны ўплыў ідэй еўразійства і інтэграцыі з Расіяй. Дзейнасць школы цалкам палягае ў рэчышчы паслядоўнай рэалізацыі ў Беларусі расійскай стратэгіі «soft power». Стратэгія рэалізуецца ў выніку шматгадовага размывання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацавання светапогляднай дактрыны «русского мира».
Праз пашырэнне асветна-адукацыйнага ўплыву ў Беларусі расійская імперыякратыя гадуе патэнцыйных агентаў уплыву РФ непасрэдна на беларускай тэрыторыі, у тым ліку прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя. Гэтыя носьбіты «чацвёртай улады» становяцца самастойнымі рэалізатарамі аперацый расійскага ўплыву ў нашай краіне.
Мадэратарам шматлікіх мерапрыемстваў медыяклубу «Формат-А3» з’яўляецца Вадзім Гігін — колішні галоўны рэдактар часопісу «Беларуская думка» (за савецкім часам друкаваны орган ЦК КПБ, у 1995 годзе заснавальнікам выдання стала Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі) і інфармацыйнага агенцтва «БЕЛТА». Пэўны час ён быў калумністам на інфармацыйным рэсурсе гэтага агенцтва.
Да лютага 2016 года Гігін уваходзіў у санкцыйны спіс Еўрасаюза пад нумарам 36, яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС і правядзенне фінансавых аперацый.
З 2016 года ўзначальвае факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, мае мажлівасць забяспечваць студэнтамі наведвальнасць імпрэзаў клубу. З’яўляецца сакратаром праўладнага Беларускага саюза журналістаў (БСЖ).
Гігіна называюць адным з галоўных прарасійскіх прапагандыстаў у Беларусі і крытыкуюць за скрайнюю прыхільнасць да «русского мира». Яго артыкулы публікаваліся нават на антыбеларускім сайце «Западная Русь». Паказальна, што на інфармацыйным рэсурсе БСЖ у адным са сваіх артыкулаў Гігін адкрыта пастулюе чарнасоценныя прынцыпы, заяўляе, што беларус — гэта «русский человек», які павінен быць праваслаўным і манархістам. У дачыненні да Украіны на тым жа афіцыйным рэсурсе БСЖ ён выкарыстоўвае ўвесь набор штампаў і наратываў расійскай інфармацыйнай вайны, шчыра вітае, маралізуе і апраўдвае дзеянні вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расіі па акупацыі і анексіі ўкраінскага Крыма.
Як і Алена Елавік, Вадзім Гігін з’яўляецца адным з ініцыятараў стварэння супольнасці «Друзья-Сябры» і школы журналістыкі «Мастерская BY-RU».
Пачатак інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння
«Формат-А3» пачаў сваю актыўную дзейнасць у Беларусі 22 верасня 2015 года. Паказальна, што месцам правядзення першага мерапрыемства клуба была абраная адна з расійскіх пляцовак, якая непасрэдна здзяйсняе аперацыі ўплыву Расіі ў Беларусі. Гэта Дом Масквы ў Мінску, які належыць Ураду расійскай сталіцы (Дэпартаменту дзяржаўнай і муніцыпальнай маёмасці Масквы). На імпрэзе асабіста прысутнічала кіраўніца «Формат-А3» Галіна Сапожнікава, пра якую мы распавядалі ў папярэдніх частках расследавання.
Спікерам мерапрыемства быў запрошаны адыёзны расійскі прапагандыст, вядоўца і палітычны аглядальнік тэлеканала «Россия 1» (медыяхолдынг «ВГТРК») Канстанцін Сёмін. «Формат-А3» пачаў з ім шчыльна супрацоўнічаць яшчэ са студзеня 2010 года. Да Беларусі сустрэчы з ім арганізоўваліся ў Малдове, Літве, ва ўкраінскім Крыме (незадоўга да пачатку Расіяй акупацыі паўвострава) і ў Латвіі.
Для мерапрыемства забяспечылі прысутнасць больш за 150 чалавек — студэнтаў БДЭУ, БДУІР, Інстытута журналістыкі БДУ і журналістаў пераважна дзяржаўных СМІ. Былі і прадстаўнікі (пра)расійскіх арганізацый.
Досыць працяглы час Сёмін быў аўтарам скандальнай перадачы — «Агитация и пропаганда» на тэлеканале «Россия 24». З’яўляецца сталым чальцом расійскай чарнасоценнай арганізацыі «Изборский клуб» — партнёрскай арганізацыі для «Формат-А3». Паводле сваіх перакананняў, Сёмін — ідэйны камуніст.
Прадстаўнікі расійскай дэмакратычнай апазіцыі ўключылі Сёміна ў спіс дзяржаўных прапагандыстаў РФ, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў цкаванні Барыса Нямцова. Стваральнікі спісу спрабуюць дамагчыся ад ЗША і структур ЕС персанальных санкцый у дачыненні да яго фігурантаў.
У 2014 годзе Сёмін незаконна наведаў акупаваныя тэрыторыі Украіны ў межах інфармацыйнага забеспячэння мабілізацыі наймітаў для расійскага акупацыйнага кантынгенту на тэрыторыі Данбасу.
На тэрыторыі акупаванага Данбасу Сёмін зрабіў некалькі спецрэпартажаў — тыповых прадуктаў вайсковай прапаганды.
Апроч гэтага Сёмін разам з пісьменнікам і па сумяшчальніцтве памагатым расійскіх тэрарыстаў Захарам Прылепінымздзяйсняў матэрыяльнае забеспячэнне баевікоў так званых «Інтэрбрыгадаў» НБП (Нацыянал-бальшавісцкай партыі) — незаконных збройных фарміраванняў у складзе расійскага акупацыйнага кантынгенту на Данбасе.
Праз год, у верасні 2016-га, «Формат-А3» зноў арганізаваў сустрэчу з памагатым расійскіх акупантаў Канстанцінам Сёміным у Беларусі. Гэтым разам месцам правядзення сустрэчы з назвай «Інфармацыя як зброя маніпуляцыі свядомасцю» быў абраны Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. З гэтага моманту мерапрыемствы «Формат-А3» пачынаюць праходзіць і ў Гродна — адным з ключавых гарадоў Беларусі для аперацый уплыву Расіі.
Для імпрэзы была забяспечана прысутнасць мясцовых выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама рэдактараў і журналістаў раённых выданняў, каля 150 чалавек. Падчас мерапрыемства быў прадэманстраваны антыўкраінскі прапагандысцкі фільм, які Сёмін зрабіў разам з Уладзімірам Мяньшовым яшчэ ў 2010 годзе.
Хто ж паспрыяў правядзенню мерапрыемства з адыёзным расійскім прапагандыстам у горадзе над Нёманам? Падчас імпрэзы ў прэзідыуме праваруч Сёміна сядзеў галоўны рэдактар «Гродзенскай праўды» Павел Сухарукаў (цяпер ачольвае выдавецкі дом «Звязда»). Гэтая газета, сярод заснавальнікаў якой Гродзенскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, з’яўляецца асноўным дзяржаўным выданнем Гродзеншчыны. Былі там першы прарэктар ГрДУ Ірына Кітурка (цяпер рэктар), загадчыца кафедры журналістыкі ГрДУ Тамара Піваварчык (цяпер дэкан факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму), а з вітальным словам выступіла Ірына Сцепаненка, да нядаўняга часу — намесніца начальніка Галоўнага кіравання ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкаму.
Мадэратарам быў Вадзім Гігін. Ад кіраўніцтва «Формат-А3» прысутнічала яго сузаснавальніца і выканаўчая дырэкатарка Марына Сафронава.
Арганізатарам клубу ўдалося заручыцца падтрымкай у кіраўніцтва галоўнай гродзенскай альма-матэр, асноўнай абласной дзяржаўнай газеты і нават прыхільнасцю ідэалагічнага апарату Гродзенскага аблвыканкаму.
Варта зазначыць, што падобныя мерапрыемствы, якія адбываюцца пад кантролем і ўдзелам кіраўнічага і выкладчыцкага складу ВНУ, спрыяюць максімальнаму эфекту інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння на навучэнцаў — асабліва пачатковых курсаў. З дапамогай выкарыстання рэпутацыі і ўплыву рэктарату і выкладчыкаў ствараецца ілюзія пэўнай бесстароннасці гэтых мерапрыемстваў, што спрыяе ўхваленню пашыраных на іх меркаванняў і ідэй расійскай прапаганды.
У выніку адбываецца значны ўплыў на фарміраванне палітычных установак студэнтаў, перадусім будучых журналістаў, якія могуць цалкам адпавядаць рэалізацыі мэтаў і задач расійскіх аперацый уплыву на тэрыторыі Беларусі.
Канстанцін Сёмін прыязджаў у Беларусь таксама ў якасці лектара журналісцкай школы «Мастерская «BY-RU» у верасні 2018 года і ў сакавіку 2020 года перад увядзеннем у Расіі жорсткіх абмежавальных каранцінных захадаў.
Вялікадзяржаўны шавінізм
Вяртаемся ў 2015 год. У кастрычніку «Формат-А3» арганізаваў другое мерапрыемства ў Беларусі, спікерам якога стаў эканаміст і палітолаг, прыхільнік так званага камуністычнага лібералізму Міхаіл Дзялягін.
Гэта яшчэ адзін сталы чалец «Изборского клуба» і адзін з актыўных і агрэсіўных прапагандыстаў пуцінскага рэжыму, уваходзіць у абойму асноўных ідэолагаў магутнай інфармацыйнай вайны, распачатай Расіяй у дачыненні да Украіны. Дзейнасць Дзялягіна на гэтым напрамку цалкам супадае з перыядамі падрыхтоўкі і правядзення спецаперацыі па акупацыі Крыму і пачатку ваеннай агрэсіі Расіі на Усходзе Украіны.
Як вялікадзяржаўны шавініст, Дзялягін выкарыстоўвае ў дачыненні да Украіны цынічную і жорсткую рыторыку, якая мяжуе з адкрыта вар’яцкімі ідэямі і меркаваннямі. Абсурдысцкія сентэнцыі і выказванні Дзялягіна пра незаконнае займанне Украінай сваёй тэрыторыі, «евронацистов» і «фашистский переворот» арганічна перамяжоўваюцца з трызненнямі пра «Новороссию» і акупацыю Кіева. Звычайны набор штампаў расійскай дзяржаўнай прапаганды.
Дзялягін мае цікавую біяграфію, якая шмат што тлумачыць, а таксама дае зразумець, навошта ён быў запрошаны ў Беларусь.
З 1999 года ён быў дарадцам і памочнікам сустаршыні выбарчага блоку «Отечество — Вся Россия» Яўгена Прымакова, колішняга расійскага прэм’ер-міністра, які да 1996 года кіраваў Службай знешняй выведкі Расіі.
У 2004–2006 гадах Дзялягін ачольваў ідэалагічную раду чарнасоценнай партыі «Родина», сузаснавальнікамі якой з’яўляюцца адыёзны расійскі палітык і кіраўнік дзяржаўнай карпарацыі «Роскомос» Дзмітрый Рагозін, а таксама дэміургі «Русской Весны» Сяргей Глазьеў і Сяргей Бабурын. Апошні займаецца беларускім стратэгічным напрамкам у межах спробаў кансалідацыі актыву прарасійскіх сіл у Беларусі пад прыкрыццём арганізацыі «Гражданская инициатива «Союз».
У 2011 годзе Дзялягін стаў галоўным рэдактарам часопіса «Свободная мысль» (да 1991 года — «Коммунист», друкаваны орган ЦК КПСС, аналаг выдання «Беларуская думка»). У 2016 годзе ўвайшоў у левацэнтрысцкую партыю «Справедливая Россия». З 2017 года — чалец самаабвешчанай Грамадскай палаты так званага «Союзного Государства». У тым жа годзе, паводле ўказу Пуціна, Дзялягін увайшоў у склад Навуковай рады пры Савеце Бяспекі Расіі. З’яўляецца аглядальнікам чарнасоценнага тэлеканалу «Царьград ТВ» расійскага праваслаўнага алігарха Канстанціна Малафеева.
Занесены ў базу даных Цэнтру «Міратворац» за шматлікія парушэнні дзяржаўнай мяжы Украіны і ўдзел у спробах легалізацыі анексіі Крыму Расіяй.
Паказальна, што сустрэча з Дзялягіным у Мінску адбывалася ў актавай залі Дома прэсы, які структурнападпарадкоўваецца Міністэрству інфармацыі Беларусі. На мерапрыемстве была забяспечаная неабходная прысутнасць студэнтаў і выкладчыкаў. На ёй быў зафіксаваны таксама зацяты адэпт «русского мира» і кіраўнік антыбеларускага імперскага праекту «Западная Русь» Ігар Зелянкоўскі, а таксама галоўны рэдактар газеты «Автозаводец» Юрый Дудзінаў (пра яго ніжэй).
У той жа дзень у прэс-цэнтры Дома прэсы прайшоў круглы стол, прысвечаны ў тым ліку рэалізацыі праекту так званага «Союзного Государства» і еўразійству. У дыскусіі апроч Дзялягіна прымаў удзел Валерый Байнёў — грамадзянін Расіі, прыхільнік антыліберальных поглядаў, што ачольвае ў БДУ кафедру інавацыйнага менеджменту эканамічнага факультэта.
Ён з’яўляецца ўдзельнікам (пра)расійскіх дэзінфармацыйных рэсурсаў «Кольцо патриотических ресурсов Беларуси» і «Вся Беларусь», якія, меркавана, мадэруюцца агентамі ўплыву Расіі ў сілавым блоку нашай краіны. Цікава, што інтэрнэт-правайдэр, які надаваў паслугі хостынгу гэтым прапагандысцкім рэсурсам, быў закрыты з ініцыятывы Федэральнай гандлёвай камісіі ЗША ў межах барацьбы з кіберзлачынствам. Байнёў з’яўляецца таксама адным з аўтараў расійскага прапагандысцкага праекту «Сонар-2050», скіраванага на спрыянне інтэграцыі Беларусі ў склад так званага «Союзного Государства».
У мерапрыемстве прымаў удзел адыёзны праўладны публіцыст, кіраўнік кафедры міжнародных зносінаў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Сяргей Кізіма (нарадзіўся ў Прыазёрску, КазССР). Удзельнічалі таксама і праўладныя прыхільнікі расійскага геапалітычнага праекту «еўразійства» і зносінаў з еўрапейскімі неанацыстамі. Гэта Юрый Шаўцоў, які адкрыта называе Беларусь еўрапейскай часткай Расіі; Аляксандр Шпакоўскі і Аляксандр Сінкевіч. Усе яны з’яўляюцца аўтарамі (пра)расійскага чарнасоценнага рэсурсу IMHOClub.
Чамадан, вакзал, Расія!
На трэцяе мерапрыемства «Формат-А3» у Мінску, якое адбылося ў лістападзе 2015 года, быў запрошаны стваральнік і галоўны ідэолаг руху «Антимайдан» Мікалай Старыкаў. Гэта адзін з франтмэнаў «Изборского клуба» і адна з найбольш адыёзных постацяў «русского мира». Да сваёй імпрэзы ў Мінску ён паспеў паўдзельнічаць у якасці спікера ў сустрэчах «Формат-А3» у Малдове і Латвіі. За год да пачатку акупацыі Крыму Старыкаў быў спікерам сустрэчы гэтага клубу ва ўкраінскім Сімферопалі.
Паводле Цэнтру «Міратворац», Мікалай Старыкаў датычны да распальвання міжнацыянальнай варожасці, займаецца маніпуляваннем грамадска-значнай інфармацыяй і яе фальсіфікацыяй. Інфармацыйна падтрымлівае тэрарыстычнае ўтварэнне «Л/ДНР». Незаконна наведваў акупаваныя тэрыторыі Украіны ў Крыме і ў Данбасе.
Характэрна, што большасць уласнікаў вялікіх залаў у Мінску пад ціскам грамадскасці адмовілася даваць свае памяшканні для правядзення сустрэчы са Старыкавым. Медыяклубу «Формат-А3» давялося абмежавацца правядзеннем мерапрыемства ў Доме Масквы ў Мінску.
Перад правядзеннем сустрэчы Старыкаў правакацыйна пашырыў на сваім сайце заяву, у якой адмовіў беларусам у праве на суб’ектнасць, называючы іх адзіным з расіянамі народам. У адказ на гэта група беларускіх патрыётаў з «Маладога Фронту» прыйшла на сустрэчу, каб выказаць пратэст і данесці да шчырага беларусафоба пазіцыю, што ён у Беларусі — непажаданая асоба.
У адказ на гэта баевікі парамілітарнай групоўкі «Казачий Спас», якія відавочна выконвалі функцыі аховы, і прадстаўнікі арганізацыі «Русь Молодая» (РуМол) справакавалі з маладафронтаўцамі тузаніну.
Весці гэтую сустрэчу павінен быў Вадзім Гігін, але, цалкам мажліва, праз заяву Старыкава вырашыў дыстанцыявацца ад імпрэзы. Яго замяніў Юрый Дудзінаў — галоўны рэдактар газеты МАЗа «Автозаводец», таксама досыць каларытная асоба. Вядома, што Дудзінаў нарадзіўся ў Курску, да сваёй цяперашняй пасады быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Белорусская нива», супрацоўнічаў з выданнямі «Советская Белоруссия», «Народная газета», у 1990-х працаваў на беларускім радыё і тэлебачанні.
Чалавек з такімі ж ініцыяламі ачольваў напачатку 1990-х у Мінску арганізацыю «Союз «Белая Россия», у верасні 1990 года ўдзельнічаў ва Усерасійскай нарадзе праваслаўна-манархічных сілаў, на якой патрабаваў «сохранить три русских республики вместе, сохранить Россию», а таксама «отменить деление Отечества на республики». У студзені 1991 года ў Ленінградзе мінская арганізацыя Дудзінава разам з «РНЕ» Баркашова ўдзельнічала ва ўстаноўчым сходзе «Славянского Собора». З’яўленне гэтага дзеяча ў якасці мадэратара сустрэчы з расійскім чарнасоценцам цалкам заканамернае.
На ўсіх мерапрыемствах «Формат-А3» у Беларусі пашыраюцца наратывы расійскай прапаганды, здзяйсняецца максімальнае ўздзеянне на масавую і індывідуальную свядомасць. Аперацыі ўплыву маюць неабмежаваны характар і спрыяюць акцэптацыі прысутнымі расійскіх ідэалагемаў «единое Отечество», «единая историческая память», «один (разделенный) народ», якія абумоўліваюць для расійскай імперыякратыі правядзенне агрэсіўнай палітыкі і анексію новых тэрыторый.
Папярэднія часткі расследавання
Працяг будзе