Армія ЗША абвінаваціла ПВК Вагнера ў закладцы мін вакол Трыпалі
Група Вагнера дэманстратыўна грэбуе бяспекай лівійцаў, заявіла амерыканскае ваеннае камандаванне Africom. ЗША назвалі закладку мін вакол Трыпалі новым парушэннем эмбарга ААН на пастаўку зброі Лівіі.
Армія ЗША абвінаваціла расійскую групоўку наймітаў з Прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) Вагнера ў закладцы вялікай колькасці проціпяхотных мін у ваколіцах сталіцы Лівіі Трыпалі, паведамляе www.dw.com. "Вывучаныя фатаграфічныя матэрыялы" паказваюць, што байцы ПВК Вагнера заклалі "замаскіраваныя бомбы і мінныя палі" вакол прадмесцяў Трыпалі да размешчанага на ўсход прыморскага горада Сірт, заявіла амерыканскае ваеннае камандаванне для Афрыкі (Africom) у сераду, 15 ліпеня.
У заяве ўказваецца, што гэтыя дзеянні з'яўляюцца чарговым парушэннем эмбарга ААН на пастаўку ўзбраенняў Лівіі і пагражаюць жыццю бязвінных грамадзянскіх асоб. "Групоўка Вагнера, што падтрымліваецца расійскай дзяржавай, дэманструе поўнае грэбаванне бяспекай лівійцаў. Безадказная тактыка групоўкі Вагнера падаўжае канфлікт і з'яўляецца прычынай непатрэбных пакутаў і гібелі бязвінных мірных жыхароў. Расія можа спыніць гэта, але не мае такога жадання", — заявіў генерал-маёр Africom Брэдфард Джэрынг.
Умяшанне ў Лівійскі канфлікт
ЗША ўжо неаднаразова абвінавачвалі Расію ва ўмяшанні ў грамадзянскую вайну ў Лівіі з дапамогай ПВК Вагнера. У траўні Africom паведаміў пра адпраўку расійскіх баявых самалётаў для падтрымкі мяцежнага лівійскага генерала Халіфа Хафтара, які змагаецца супраць міжнародна прызнанага ўрада Лівіі ў Трыпалі.
Эксперты ААН у траўні пацвердзілі паведамленні пра ўдзеле байцоў Вагнера ў баях у Лівіі. Масква заяўляе, што не мае ніякага дачынення да дзеянняў ПВК Вагнера, якую лічаць блізкай да атачэння прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Войскі Хафтара ўжо больш за год вядуць наступ на Трыпалі. Акрамя Расіі, у лівійскім канфлікце замяшаныя і іншыя замежныя дзяржавы: урад у Трыпалі падтрымліваюць Катар і Турцыя, а Хафтара — Егіпет і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
Паводле www.dw.com