«Независимая газета»: Новы расійскі пасол будзе «даціскаць» Лукашэнку
Яўген Лук'янаў, якога профільны камітэт Дзярждумы зацвердзіў у якасці пасла ў Беларусі, будзе трэцім кіраўніком расійскай дыпмісіі за апошнія тры гады. Змену амбасадара эксперты ў Мінску звязваюць са змяненнем пазіцыі Крамля ў дачыненні да беларускіх уладаў. Яны чакаюць больш актыўнага «прымусу да інтэграцыі», піша «Независимая газета».
Аляксандр Лукашэнка пасля нарады наконт канстытуцыйнай рэформы зацвердзіў канчатковы склад Канстытуцыйнай камісіі. Якасна ён не змяніўся ў параўнанні з тым, што быў заяўлены напярэдадни нарады. Эксперты звярнулі ўвагу, што прафесіяналаў, якія маюць дачыненне да канстытуцыйнага права і юрыспрудэнцыі, наогул у ім менш за 10 пры агульным ліку 36 чалавек. Астатнія — гэта людзі мастацтва, медыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і т. п. Чакаць ад іх сур'ёзнай юрыдычнай прапрацоўкі пытання няма ніякіх падстаў.
На падставе складу Канстытуцыйнай камісіі, а таксама даволі
расплывістых заяў аб планаваных зменах эксперты зрабілі выснову, што распачатая
Лукашэнка канстытуцыйная рэформа — імітацыя для Расіі. «Хутчэй за ўсё праца
Канстытуцыйнай камісіі — гэта імітацыя працы над Канстытуцыяй, якую можна будзе
прад'яўляць усім тым, хто пытаецца: «што ў вас з канстытуцыйнай рэформай?» Перш
за ўсё Расіі», — лічыць, у прыватнасці, палітолаг Андрэй Ягораў. «Калі
Канстытуцыйная камісія пачала працу, то, мабыць, наш усходні сусед прыспешвае
нашу ўладу», — лічыць і экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Мечыслаў
Грыб.
На думку аналітыкаў, пазіцыю Масквы ў дачыненні да
Аляксандра Лукашэнкі добра характарызуе і будучая змена амбасадара ў Мінску.
Нагадаем, што кандыдатуру Яўгена Лук'янава, які пакуль прадстаўляе інтарэсы
Расіі ў Рызе, Камітэт Дзяржаўнай думы па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і
сувязях з суайчыннікамі зацвердзіў на мінулым тыдні.
Такім чынам, за апошнія тры гады гэта будзе ўжо трэці
кіраўнік расійскай дыпламатычнай місіі пасля 12-гадовага знаходжання на гэтай
пасадзе Аляксандра Сурыкава. Які змяніў яго ў жніўні 2018 года Міхаіл Бабіч пратрымаўся
ўсяго толькі да красавіка 2019 года. Мінск быў вельмі незадаволены яго вострымі
выказваннямі і занадта актыўнай, амаль «гаспадарскай» пазіцыяй.
Акрамя таго, ён лічыў кожную капейку расійскай дапамогі Беларусі, за што ў
Мінску яго называлі «бухгалтарам». «Рэзкасць Бабіча не
спадабалася беларускаму кіраўніцтву, і звышзадачай Мезінцава было змякчыць
стасункі паміж Масквой і Мінскам, загладзіць гэты скандал з Бабічам», — кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Паводле
ацэнкі эксперта, Дзмітрый Мезінцаў са сваёй задачай справіўся: «Ён быў узорна
паліткарэктным — хоць да раны прыкладай».
Зараз і сітуацыя ў Беларусі, і адносіны паміж саюзнікамі
зусім іншыя — легітымнасць Лукашэнкі не прызнаная Еўропай і ЗША, масты для
наладжвання адносін з калектыўным Захадам спалены, і як вынік, залежнасць ад
Расіі шматкроць павялічылася. «Крэмль цяпер, мабыць, палічыў, што прыйшоў
час зноў больш настойліва падштурхоўваць беларускага партнёра да
інтэграцыі», — каментуе змену амбасадара Аляксандр Класкоўскі. Эксперт пры
гэтым удакладняе, што «інтэграцыя — гэта такі эўфемізм, а напраўду гаворка ідзе
аб прасоўванні інтарэсаў Крамля на беларускім кірунку — і эканамічных, і
палітычных, і вайскова-стратэгічных». «Для выканання гэтай задачы
патрэбен, з пункту гледжання Масквы, больш энергічны, можа быць, нават больш
рэзкі чалавек на гэтым месцы», — кажа Класкоўскі і мяркуе, што новы амбасадар «будзе бліжэй да стылю Бабіча», уключаючы яго «бухгалтарскія» замашкі. «Верагодна, ён будзе прыкідваць, у што
абыходзіцца падтрымка Масквой беларускага рэжыму, і відавочна, што цяпер Крэмль
хоча мінімізаваць гэтую падтрымку», — лічыць Класкоўскі.
Пад паслугамі ў дадзеным выпадку разумеецца продаж
беларускіх актываў, якія цікавыя расійскаму боку, размяшчэнне расійскіх ваенных
аб'ектаў, а таксама канстытуцыйная рэформа і транзіт улады, якія Аляксандр
Лукашэнка паабяцаў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну яшчэ восенню, у разгар
беларускіх пратэстаў. «Лук'янаў будзе пасланы для таго, каб дапамагаць
Маскве даціскаць Лукашэнку ў нейкіх пытаннях, у якіх Масква хоча прасоўвання
сваіх інтарэсаў», — рэзюмуе экспэрт. На ягоную думку, Масква разглядае
Лукашэнку як не вельмі зручнага партнёра, якому нядоўга засталося кіраваць.