Затрыманага ў Расіі пратэстоўца з Ліды перададуць беларускай міліцыі

Затрыманага ў Маскве адміністратара чата «Ліда для жыцця» перададуць беларускім праваахоўнікам, піша «Еўрарадыё».

Бутырскі суд Масквы / АГН «Москва»

Бутырскі суд Масквы / АГН «Москва»

Затрыманага ў Расіі пратэстоўца з Ліды Мікалая Давідчыка перададуць беларускай міліцыі, паведамляе ТАСС.

19 сакавіка Бутырскі суд Масквы прыняў рашэнне аб яго змяшчэнні пад варту. Давідчык быў затрыманы ў РФ па запыце праваахоўных органаў Беларусі. У нашай краіне ў дачыненні яго распачалі крымінальную справу па артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК).

Раней паведамлялася, што затрыманага ў Маскве адміністратара чата «Ліда для жыцця» падазраюць у закліках да ўдзелу ў масавых беспарадках у Расіі. Аднак у Бутырскім судзе Масквы заявілі, што «паводле ўдакладненых звестак, у расійскіх улад прэтэнзій да Давідчыка няма». Па артыкуле «Заклікі да ўдзелу ў масавых беспарадках» ён быў затрыманы «фармальна». Калі дакладна адбудзецца перадача пратэстоўца беларускай міліцыі, не паведамляецца.