Партыя БНФ заклікае дэпутатаў стварыць парламенцкую камісію па парушэннях правоў грамадзянаў

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, разам з намеснікамі Вольгай Лагвіновіч, Рыгорам Кастусёвым і Аляксандрам Стральцовым перадалі 4 красавіка ад імя партыі асабістыя звароты ўсім 110 дэпутатам Палаты прадстаўнікоў шостага склікання.

000020_431949_big.jpg


Кіраўніцтва і сябры партыі БНФ выказалі абурэнне дзеянням сілавых структур у адносінах да ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту ў Беларусі, а таксама фактамі затрыманняў, ужывання фізычнай сілы, арыштаў беларускіх і замежных журналістаў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі.
"Мы перакананыя, што тыя, хто прымаў палітычныя рашэнні, рыхтаваў, выконваў загады аб раскрутцы палітычна матываванай крымінальнай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, аб забароне мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка, масавых арыштах удзельнікаў акцыяў 25 і 26 сакавіка, а таксама тыя, хто ажыццяўляе прапагандыскую падтрымку гэтых дзеянняў, працуюць дзеля аслаблення нашай краіны і міжнароднай ізаляцыі беларускай дзяржавы, наносячы шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі", — адзначаецца ў заяве.
Партыя БНФ прапануе стварыць парламенцкую камісію, якая высветліць акалічнасці ўзбуджэння відавочна палітычнай крымінальнай справы супраць беларускіх патрыётаў, беспрэцэдэнтна масавых затрыманняў ды збіцця ўдзельнікаў мірных дэманстрацыяў у сакавіку.
У фокусе працы такой камісіі павінна быць таксама судовая практыка “канвееру” па адміністрацыйных справах затрыманых за ўдзел у мірных акцыях, у тым ліку відавочна фальшывыя масавыя абвінавачнанні ў нецэнзурнай лаянцы, а таксама грубае парушэнне закону “Аб масавых акцыях” Мінскім гарвыканкамам, якое выявілася ў фактычным ігнараванні пададзенай заяўкі на 25 сакавіка ды забароне мірнай дэманстрацыі менш чым за дзень да мерапрыемства.
Па выніках працы камісіі Партыя БНФ прапануе правесці адкрытыя парламенцкія слуханні, выявіць, назваць ды прыцягнуць да адказнасці вінаватых у масавых парушэннях правоў грамадзянаў і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Таксама Партыя БНФ лічыць неабходным ініцыяваць змены ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, прадугледзеўшы заяўляльны прынцып арганізацыі масавых мерапрыемстваў; скасаванне артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, ды іншыя захады.