Павел Усаў: Непрызнанне Беларуссю рэферэндумаў наблізіць крах рэжыму Пуціна

Прызнаць ці не прызнаць рэферэндумы? Пра наступствы выбару для Беларусі і Лукашэнкі разважае палітолаг Павел Усаў. Ён адзначае, што непрызнанне будзе раўназначным харкаўскай паразе рускай арміі і наблізіць крах рэжыму Пуціна.

Фота  suspilne.media

Фота  suspilne.media

Лукашэнка зноў стаіць перад апошнім, свайго роду экзістэнцыяльным выбарам у кантэксце «рэферэндумаў». Без сумневу, Масква будзе патрабаваць ад яго прызнання вынікаў «галасавалкі» і далучэння акупаваных тэрыторый Украіны да Расіі. Ці ёсць у яго хоць нейкая найменшая магчымасць пайсці насуперак чаканням Крамля?

1. Непрызнанне ў цяперашніх умовах практычна немагчымае. Неабходна ўлічваць зламаную волю кіраўніка Беларусі, прысутнасць расійскіх войскаў у краіне, і тую акалічнасць, што Пуцін максімальна павысіў стаўкі, таму не дапусціць палавіністых дзеянняў з боку Мінска.

Непрызнанне — гэта прамы выклік Маскве, дэманстрацыя таго, што:

- у дыктатара засталася палітычная воля, яна не падаўленая, і Лукашэнка здольны выйсці з-пад ціску і кантролю Масквы;

- ёсць уласная і групавая гатоўнасць адстойваць свае жыццёвыя інтарэсы;

- непрызнанне ёсць вынікам разумення, што Расія ўжо на мяжы сваіх магчымасцяў, а апошнія дзеянні Масквы дэманструюць слабасць і адчай. Адпаведна, складваюцца спрыяльныя ўмовы для таго, каб зноў пачаць сваю гульню. І гэта апошняя магчымасць;

- непрызнанне, у сваю чаргу, нават у цяперашніх умовах, стварае Лукашэнку невялікую прастору для манеўру ў адносінах з Захадам. Такі крок вяртае Лукашэнку пэўную суб'ектнасць, як і Беларусі, у вачах Украіны і Захаду.


У самай спрошчанай форме паўтараецца сітуацыя з 2008 і 2014 гадоў, хоць і з грузам адказнасці за саўдзел у агрэсіі. Несумненна, пасля такога кроку ўзмоцняцца кантакты Захаду і Кіева з Мінскам у мэтах пашырэння гэтай прасторы для манеўру.

Пры гэтым, яшчэ раз, трэба разумець, што ў Лукашэнкі няма такога палітычнага рэсурсу, які ён меў у 2008-м і 2014-м у сферы большай суверэннасці і самастойнасці. Нельга выключаць, што ў выпадку адмовы прызнаць «уз'яднанне», альбо зацягвання працэсу, Масква можа прыступіць да нейкіх сілавых дзеянняў у адносінах да Лукашэнкі.

Масква не можа дазволіць яму ўвільваць, бо гэта будзе прамым палітычным ударам па Крамлі, які падкрэсліць слабасць і няслушнасць Пуціна, які не здольны паўплываць нават на свайго васала.

Іншымі словамі, непрызнанне Мінскам рэферэндумаў раўназначнае харкаўскай паразе і наблізіць крах рэжыму Пуціна.

2. Прызнанне будзе азначаць, што Лукашэнка цалкам пад палітычным кантролем Масквы, пазбаўлены якой-небудзь волі, магчымасцяў і рэсурсаў пярэчыць ціску Крамля. Гэта пацвердзіць факт таго, што Беларусь страціла сваю геапалітычную суб'ектнасць, а Лукашэнка канчаткова ператварыўся ў прадстаўніка акупацыйнай адміністрацыі.

Пасля прызнання, ужо несумненна, варта чакаць, размяшчэння ядзернай зброі ў краіне, ваеннай мабілізацыі ў Беларусі і адкрытага ўдзелу беларускіх Узброеных Сіл у агрэсіі супраць Украіны. У сваю чаргу, гэта цалкам развязвае рукі Украіне — і Беларусь становіцца аб'ектам для папераджальных удараў УСУ.


Пераклад «НЧ»