Павел Усаў: Расію трэба блакаваць на ўсіх узроўнях

Палітычны аналітык Павел Усаў распавёў у эфіры Радыё Рацыя пра дзейнасць прапаганды Расіі на сваёй тэрыторыі.

usov.jpg

Таксама палітолаг выказаў меркаванне, што НАТА можа узяць пад кантроль некаторыя абшары на тэрыторыі Украіны.

– Можна казаць, што Расія знаходзіцца у міжнароднай эканамічнай, палітычнай, а таксама дыпламатычнай блакадзе. Лаўроў у спісе, супраць каго дзейнічаюць санкцыі, таму ўвогуле незразумела, навошта было яго ўключаць у павестку дня, бо гэтая марыянетка, якая адказвае, як Рыбентроп у часы Гітлера, за развязванне маштабнай антычалавечай агрэсіі супраць Украіны, ён злачынца, таму даваць слова злачынцы старшыня (ААН – Рэд.) увогуле не меў права ніякага маральнага, проста Расію трэба блакаваць на ўсіх узроўнях і тых людзей, якія адказныя за развязванне вайны, тым больш.

Незразумела ўвогуле пазіцыя кіраўніцтва ААН, якое дае слова масавым забойцам – гэта маё асабістае меркаванне, але, думаю, што ўсе, хто сочыць за падзеямі ва Украіне з гэтым пагодзяцца. Таксама гэта сведчыць пра непатрэбную абсалютна дымпламатычнасць, двудушша дэмакратыі еўрапейскай і сусветнай.

На сённяшні момант няма патрэбы захоўваць прыкметы дыпламатычнай ветлівасці. Ідзе вайна, гінуць людзі, гінуць дзеці — і таму абсалютна жорсткае, абсалютна беспрынцыповае стаўленне да расійскага кіраўніцтва, да расійскай дыпламатыі мусіць быць прыярытэтам для тых, хто хоча спыніць агрэсію. Так ці інакш, такая пазіцыя сведчыць аб тым, што Еўропа абсалютна кансалідаваная ў сваіх дзеяннях і пазіцыі ў дачыненні да Расіі. Шкада, што ЗША і Вялікабрытанія баяцца ўступаць у больш радыкальныя дзеянні, як, напрыклад, забароны палётаў над Украінай вайсковай тэхнікі Расіі. Безумоўна, гэта прывядзе да канфрантацыі з расійцамі, неабходна увесці авіяцыю НАТА, магчыма, у перспектыве, нейкія абшары Украіны будуць узятыя пад абарону супрацьпаветраных сістэм НАТА, якія стаяць і ў Польшчы, і ў Румыніі, прынамсі, тыя рэгіёны, дзе скапілася вялікая колькасць уцекачоў.

– Такая сітуацыя, калі расіянам не даюць слова, дык дзе яны будуць распавядаць свае абсурдныя аргументы, што яны ідуць ва Украіну, каб украінскае насельніцтва абараніць ад бандэраўцаў?

– А каму зараз цікава слухаць па сутнасці забойцаў, чым яны аргументуюць сваю агрэсію? Яны маглі б таксама сказаць, што бароняць Украіну ад іншапланетнікаў, марсіянаў. Гэта відавочны абсурд. Гэтую прапаганду яны спрабуюць экспартаваць у свет, і гэта патрэбна для ўзмацнення ўнутранай прапаганды. Застаецца ўтрымаць унутры расійскага грамадства пасіўнасць. Зараз пойдуць у Расію труны, мяшкі з забітымі і пакалечанымі целамі вайскоўцаў, зараз уся энергія будзе скіраваная на тое, каб утрымаць насельніцтва ў межах пасіўнасці, у межах некрытычнасці, у межах тупасці, бо якасць прапаганды на ўзроўні расійскага грамадства мы часам не можам прааналізаваць, але тое, што я гляджу – яна застаецца даволі высокай.