Правацэнтрысты ствараюць Асамблею народных прадстаўнікоў
Ідэю
стварэння Асамблеі народных прадстаўнікоў лідары правацэнтрысцкай кааліцыі,
першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась
Губарэвіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэта БХД
Віталь Рымашэўскі агучылі на прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка.
“Мы падсумавалі наш удзел у выбарчай кампаніі і прыйшлі да высновы, што па колькасці і якасці гэта была добрая праца. Новы эканамічны курс, змена ўлады праз сумленныя выбары, выбар еўрапейскага кірунку развіцця — тое, што вылучала нашых кандыдатаў сярод іншых. Стварэнне Асамблеі — гэта працяг нашай кааліцыйнай працы”, — адзначыў Анатоль Лябедька.
Было абвешчана, што устаноўчы сход Асамблеі народных прадстаўнікоў распачнецца заўтра а 12-й гадзіне ў гатэлі “Манастырскі”. Подпісы пад устаноўчымі дакументам, мяркуецца, падпіша каля 70 кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў, а таксама дэпутатка ПП Ганна Канапацкая.
Народныя
прадстаўнікі збіраюцца надалей працаваць у акругах, праводзіць грамадскія
кампаніі і працягваць распрацоўку праектаў рэформаў для новай Беларусі ў
эканоміцы і сацыяльнай сферы.“Наша
задача – арганізаваць грамадскія кампаніі ў падтрымку рэформаў, прасоўваць
законы на карысць людзей. Адной з галоўных задач на сёння з’яўляецца рэформа
выбарчага заканадаўства, каб з пачатку 2018 года правесці выбары згодна са
стандартамі АБСЕ”, — паведаміў Віталь Рымашэўскі.
Напрацоўкі Асамблеі мяркуецца
таксама дасылаць у профільныя установы беларускага ўраду ды ініцыяваць разгляд
законапраектаў у Палаце прадстаўнікоў.
“Мы павінны дзейнічаць хутка і эфектыўна, аб’ядноўваць аднадумцаў у рэфармаванні эканомікі і палітычнай сістэмы. Мы адкрытыя для камунікацый з іншымі палітычнымі структурамі па пытаннях, на якія маем агульнае бачанне”, — падкрэсліў Юрась Губарэвіч.
Правацэнтрысты у межах Асамблеі спадзяюцца на плённую супрацу з усімі дэмакратычнымі сіламі і экспертнымі супольнасцямі, а таксама намераны самі фармаваць павестку дня.