Раз’яднаная апазіцыя, ці Чарговы туз у руках Лукашэнкі
Відаць, ужо можна казаць пра тое, што адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года наўрад ці з’явіцца. Таму афіцыйны кіраўнік краіны асабліва і не завіхаецца над тэмай выбараў.
У яго зараз іншыя праблемы.
Напрыклад, праблема Украіны. Беларускі правадыр скарыстаўся сітуацыяй вакол нашай паўднёвай суседкі — ён стаўся ледзьве не галоўным міратворцам Еўропы і страціў статус «апошняга дыктатара» кантынента. Балазе, паняцце «мінская перамоўная пляцоўка» ўжо ўвайшло ў аналы найноўшай рэгіянальнай гісторыі. Толькі вось паводзіны Расіі могуць абрынуць Аляксандра Лукашэнку з «трона міратворцы». Бо мінскія дамоўленасці не выконваюцца. Паспрабуйце здагадацца, кім.
Таму і казаў нервова пра сваю заклапочанасць сітуацыяй ва Украіне беларускі кіраўнік на сустрэчы з расійскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым у Мінску 18 лістапада. Натуральна, гаварыў Лукашэнка ўсё ў прарасійскім рэчышчы. «Мы не можам пагадзіцца з той актыўнасцю, якая сёння мае месца з боку заходніх дзяржаваў на заходніх межах нашай саюзнай дзяржавы. Мы не можам пагадзіцца з тэндэнцыяй пагаршэння сітуацыі ва Украіне, не толькі ў Данбаскім, Данецкім рэгіёне, але і цалкам ва Украіне», — кляўся Лукашэнка. І дадаў, што праблемы Беларусі і Расіі — непадзельныя. «Нашы праблемы — гэта і вашы праблемы, а вашы праблемы — гэта нашы праблемы. Гэта ціск на Беларусь, які далёка не абыякавы для Расіі, натуральна, гэта ціск і на Расійскую Федэрацыю, у якой і так праблем дастаткова», — адзначыў кіраўнік Беларусі.
Ну, канешне. Тое, што адбываецца апошнім часам у расійскай эканоміцы і фінансавай сістэме пасля ўвядзення міжнародных санкцыяў, можа вельмі моцна ляснуць па афіцыйным Мінску, і Лукашэнка як ніхто гэта разумее. Імклівая дэвальвацыя расійскага рубля ўжо паставіла ў яшчэ больш няроўныя ўмовы суб’екты гаспадарання Беларусі і Расіі на карысць апошняй, а цяжкая эканамічная сітуацыя Масковіі можа пазбавіць Сінявокую датацый ды інвестыцый ад «старэйшай сястры». Таму афіцыйны лідар і спрабуе чарговым разам напоўніць вербальным елеем чарку высокага маскоўскага чыноўніка. Раптам яшчэ штосьці перападзе?
А ў гэты час апаненты Лукашэнкі чарговым разам узгадалі, што праз год мае адбыцца самая важная электаральная кампанія пяцігодкі. Хоць вымалёўваецца карціна, што «адзінага кандыдата» ад апазіцыі мы і ў наступным годзе не ўбачым. Спачатку лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што вылучэнне «адзінага» наўрад ці будзе магчымым. А ўжо 17 лістапада журналістаў склікаюць на «тэрміновую» (у чым была тая тэрміновасць — не зразумела) прэс-канферэнцыю ў офіс Партыі БНФ, дзе ўжо гаворыцца пра тое, што пяць апазіцыйных структураў падпісалі пагадненне аб працэдуры вылучэння «адзінага». Гэтыя структуры — усё тая ж Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», грамадзянская кампанія «Гавары праўду», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), а таксама аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Прычым сустаршыня БХД Павел Севярынец не з’явіўся на імпрэзе.
Аказваецца, калі верыць спецыяльнай заяве, апублікаванай на сайце БХД, гэтай прэс-канферэнцыі ўвогуле не павінна было быць да 1 снежня. Пазіцыю гэтай арганізацыі адносна кангрэсу дэмакратычных сіл, на якім, па словах выступоўцаў на сустрэчы з журналістамі, мае быць абраны «адзіны», варта працытаваць поўнасцю.
«17 лістапада прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), «Гавары праўду» і Руху «За Свабоду» падпісалі праект працэдуры, паводле якой можа быць праведзены кангрэс дэмакратычных сіл. На сустрэчы прадстаўнікі ўсіх сямі дэмсілаў (разам з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Беларускай партыяй левых «Справядлівы свет»), якія ўдзельнічаюць у кансультацыях, дамовіліся да 1 снежня 2014 года чакаць вызначэння пазіцый АГП і «Справядлівага свету» і да гэтага рашэнне не рэалізоўваць і не публікаваць. Паводле агульнай дамоўленасці, рашэнне аб рэалізацыі працэдуры прымаецца мінімум шасцю структурамі з сямі (кансенсус мінус 1). На сённяшні дзень толькі ў такім фармаце беларускія хрысціянскія дэмакраты гатовы ўдзельнічаць у Кангрэсе. Удакладняем: меркаваны час Кангрэсу ў падпісаным праекце працэдуры — сакавік, а не травень 2015 года. Лічым інсінуацыі на тэму правядзення Кангрэсу да прыняцця канчатковага рашэння заўчаснымі».
Вам усё зразумела? У сваю чаргу, старшыня АГП Анатоль Лябедзька не выключае, што апазіцыя пойдзе на выбары некалькімі калонамі, паколькі дасягнуць пагаднення аб «сапраўды адзіным кандыдаце» не ўдаецца. Замест уласнага каментара, які так і просіцца, прывяду меркаванне старшыні Рады беларускай інтэлігенцыі, вядомага педагога і рэжысёра Уладзіміра Коласа.
«Дваццаць гадоў такой безвыніковасці і няздольнасці кансалідавацца ставяць пытанне аб прафесійнай адпаведнасці тых, хто гэтым займаецца. Справа не ў тым, каб збірацца на соймы і бясконца пераконваць адзін аднаго ў тым, што патрэбны перамены, а ў тым, каб гэтыя перамены ажыццявіць. А для таго, каб дабіцца гэтых пераменаў і ахвяраваць сваімі асабістымі амбіцыямі, трэба быць на гэта здольным. Паколькі ніхто такіх здольнасцяў не дэманструе, то варта ставіць пытанне аб ратацыі, і трэба, каб на іх месцы прыйшлі тыя, у каго гэта лепш атрымаецца. Бо яшчэ з мінулых выбараў ясна, што гэтыя хлопцы справы не зробяць», — упэўнены Уладзімір Колас. «Што тут дадаць? Хіба што нічога», як спяваў Лявон Вольскі ў «Народным альбоме».
І, пад канец, нешта прыемнае. Мы так адвыклі ад перамог нацыянальнай зборнай па футболе, што нават не разлічвалі, што, хоць і ў таварыскай гульні, але наша дружына можа перамагчы салідную каманду. Тым не менш, гэта здарылася ўвечары 18 лістапада на «Барысаў-Арэне». Беларусы з лікам 3:2 пабаролі не кагосьці невядомага, але саму зборную Мексікі. Гэта была апошняя гульня нашых «нацыянальнікаў» у гэтым сезоне. Моцная кропка. Вось так бы і далей.