Прэзідэнт Літвы абвінаваціла Расію ў баязлівасці
Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце абвінаваціла Расію ў баязлівасці, бо яна вядзе вайну ва Украіне, але адмаўляе гэта.

Паводле яе слоў, такую вайну выбіраюць тыя, хто баіцца на полі бою падняць свой сцяг і каму сорамна зняць маску.
«На вайне ва Украіне, як і ў любой іншай вайне, гінуць людзі, ламаюцца жыцці. Яна іншая толькі таму, што хаваецца, да гэтага часу адмаўляецца, яе спрабуюць маскіраваць
прапагандай», — сказала яна на канферэнцыі Саюза стралкоў, прысвечанай абароне на гібрыднай вайне.
«Такую вайну выбіраюць тыя, хто баіцца на поле бою падняць свой сцяг. Тыя, каму сорамна зняць маскі. У каго для абгрунтавання сваіх намераў няма ніякіх аргументаў. Мы ведаем, як на гэта
адказаць: салідарнасцю, хуткасцю і празрыстасцю», — падкрэсліла Грыбаўскайце.
Раней Грыбаўскайце назвала Расію тэрарыстычнай дзяржавай. Гэта вызначэнне яна дала і ў пятніцу. МЗС Расіі ўжо адрэагаваў на заяву прэзідэнта Літвы, і праз Аляксандра Лукашэвіча перадаў, што яна
перасягнула «экстрэмісцкія заявы» «нацыянал-радыкалаў у Кіеве».
Грыбаўскайце падкрэсліла, што на саміце кіраўнікоў НАТА ў Уэльсе вырашана фармаваць новыя сілы хуткага рэагавання. Яна нагадала, што Літва самастойна сфармавала ўласныя сілы хуткага
рэагавання.