SIPRI: Доказаў размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі няма

Пераканаўчых візуальных доказаў фактычнага размяшчэння расійскіх боегаловак у Беларусі не выяўлена. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным у панядзелак, 17 чэрвеня, дакладзе Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI).

_123611968_iskander_s.jpg

У дакладзе таксама адзначаецца, што чым больш сусветныя ядзерныя дзяржавы спадзяюцца дасягнуць сваіх мэтаў пры дапамозе ядзернага стрымлівання, тым вялікімі тэмпамі расце колькасць і разнастайнасць тыпаў атамнай зброі.

Паводле ацэнак экспертаў Стакгольмскага інстытута, памеры ваенных запасаў ядзернай зброі (боегаловак, прыдатных да выкарыстання) Расіі і ЗША, на якія ў агульным прыпадае амаль 90% сусветнага ядзернага арсенала, засталіся адносна стабільнымі ў 2023 годзе.

У штогадовым дакладзе SIRI таксама гаворыцца, што пасля ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 празрыстасць у дачыненні да ядзерных сіл у Расіі і ЗША «знізілася». У РФ, па падліках аналітыкаў інстытута, да пачатку 2024 года было разгорнута на 36 ядзерных боегаловак больш, чым годам раней.

Аўтары дакладу таксама канстатуюць, што ў 2023 годзе дзевяць краін, якія валодаюць ядзернай зброяй, (ЗША, РФ, Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя і Ізраіль) працягнулі мадэрнізаваць свае ядзерныя арсеналы. Некаторыя з гэтых краін разгарнулі новыя сістэмы ядзерных узбраенняў.

Па даных SIPRI, з агульнасусветнага запасу атамнай зброі, які складаў у студзені 2024 года прыкладна 12121 боегалоўку, каля 9585 знаходзіліся на ваенных складах для патэнцыйнага выкарыстання. Прыкладна 3904 з іх былі разгорнутыя на ракетах і самалётах — на 60 больш, чым у студзені 2023 года, а астатнія знаходзіліся на цэнтральных базах захоўвання.

Каля 2100 з разгорнутых боегаловак знаходзіліся ў стане павышанай баявой гатоўнасці на балістычных ракетах. Амаль усе гэтыя боегалоўкі належаць Расіі ці ЗША, аднак упершыню, як мяркуецца, і Кітай прывёў некалькі боегаловак у стан падвышанай боегатоўнасці.

Глядзіце таксама

Нагадаем, у канцы сакавіка 2023 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што мае намер размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю — нібыта, пра гэта яго асабіста прасіў Аляксандр Лукашэнка. Тады ж было абвешчана, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча ядзернай зброі.

25 траўня міністры абароны Расіі і Беларусі падпісалі дакументы аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі. У наступным месяцы Пуцін заявіў, што частка ядзернай зброі РФ ужо знаходзіцца ў Беларусі.

У канцы чэрвеня 2023-га Лукашэнка таксама пацвердзіў, што «большая частка» расійскай ядзернай зброі, якую плануецца перамясціць у Беларусь, ужо знаходзіцца ў краіне. Таксама ён сказаў, што даручыў распрацаваць «алгарытм прымянення» ядзернай зброі, якую дыслакуе Расія.

Стакгольмскі Міжнародны інстытут даследаванняў праблем міру (SIPRI) — шведскі аналітычны цэнтр, які займаецца вывучэннем праблем міру і канфліктаў, перш за ўсё, пытанняў кантролю над узбраеннямі і раззбраення.

SIPRI мае рэпутацыю навукова-даследчага інстытута, які валодае шырокай базай даных у такіх галінах як абмежаванне, скарачэнне і кантроль над узбраеннямі, вытворчасць і транспарціроўка ўзбраенняў, ваенныя выдаткі. Усе крыніцы, якімі карыстаецца інстытут, з'яўляюцца адкрытымі.

SIPRI цесна супрацоўнічае з некалькімі міжурадавымі арганізацыямі, да прыкладу, Арганізацыя Аб'яднаных Нацый і Еўрапейскі Саюз. Акрамя таго, інстытут рэгулярна запрашае да сябе розных парламентарыяў, навуковыя дэлегацыі і даследчыкаў з іншых інстытутаў.

Паводле АФН

Глядзіце таксама